Шукаем таленты!

22 сакавіка пры Мінскім абласным аддзяленні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” пачала сваю працу вочна-завочная школа “СА-ТВОРЧАСЦЬ”, галоўная задача якой – аб’яднаць таленавітую вучнёўскую моладзь і навучыць прафесійна карыстацца словам. На першую сустрэчу прыехалі юнакі і дзяўчаты з Крупскага, Валожынскага і Заслаўскага раёнаў.

Намеснік старшыні аддзялення Ірына Карнаухава распавяла пра план работы школы на 2016 год, адзначыўшы, што “кожны пісьменнік заўсёды адчувае сябе таксама маладым, бо ён вучыцца праз усё жыццё”. Ірына Аляксандраўна паведаміла, што дадзеная школа стане своеасаблівай пляцоўкай для творчага сталення, месцам цікавых знаёмстваў і сустрэч, а для некаторых – і першым крокам да прафесіі. Анансавала яна і выхад штогадовага альманаха дзіцячай творчасці пры Мінскім абласным аддзяленні СПБ.

Завітаў на сустрэчу і празаік-раманіст, які не так даўно распачаў працаваць у галіне дзіцячай літаратуры, Сяргей Клімковіч. Сцвярджаючы думку пра тое, што асноўнае значэнне для развіцця чалавецтва мае менавіта мастацкі тэкст, ён прадэманстраваў кнігі серыі “Таямніца кватэры №8” і падзяліўся сакрэтамі свайго майстэрства. Хто б мог падумаць, што будучы пісьменнік не любіў пісаць у школе сачыненні і нават атрымаў “тройку” пры паступленні ў інстытут! Аднак атмасфера любові да кнігі, якая існавала ў Літаратурным інстытуце імя М.Горкага ў Маскве, зрабіла з маладога чалавека прафесійнага пісьменніка.

Журналіст часопіса “Качели” Святлана Чарная пазнаёміла аўдыторыю з выданнем, запрасіла паўдзельнічаць у конкурсе “Ганаруся табой, сталіца!”, а таксама прапанавала друкаваць свае творы ў рубрыках “Заветная строка”, “Этот сказочный мир”, “Качельки”.

Дзіцячая пісьменніца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Быкава прывезла на сустрэчу сваіх выхаванцаў – удзельнікаў літаратурнага клуба “Ізяслаўцы”, які быў створаны 17 лістапада 2015 года і аб’яднаў вучняў Заслаўскай гімназіі і школ № 1 і 2.

Аднак самым запамінальным момантам сустрэчы было выступленне саміх маладых аўтараў. Яны не проста прачыталі свае вершы, а сапраўды прадэманстравалі высокі мастацкі густ і прагу да літаратурнай творчасці.

Спадзяёмся, што наступныя сустрэчы, якія пройдуць у чэрвені месяцы па секцыях прозы і паэзіі, збяруць яшчэ большую колькасць юных літаратараў з розных куточкаў Міншчыны.

Бажэна Ганушкіна