Сабралі творчы ўраджай

Дзесяць членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, звыш дваццаці паэтаў і празаікаў з Дзяржынскага, Клецкага і Уздзенскага раёнаў сабраліся 3 снежня ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Труса, каб падсумаваць вынікі творчай дзейнасці, падзяліцца сваімі дасягненнямі, планамі на будучае. “Здабыткі восені маёй” – так назвалі ўмоўную тэму сустрэчы яе арганізатары. А здабыткамі сталі выпушчаныя за сёлета пры раённых бібліятэках, у сталічных выдавецтвах некалькі дзясяткаў кніг паэзіі, прозы, публіцыстыкі, шматлікія публікацыі ў рэспубліканскіх літаратурных часопісах і газетах, прэзентацыі кніг, творчыя сустрэчы, юбілейныя вечарыны, выступленні ў працоўных калектывах.

Хлебам-соллю сустракала гасцей Гаспадыня Восень (яе ролю ўмела выканала Вольга Віяленцій). Калі расселіся творцы на свае месцы, кожны з іх атрымаў своеасаблівую літаратурную прышчэпку – на асеннім лісточку чатыры-шэсць вершаваных радкоў уздзенскіх аўтараў, класікаў ці пачаткоўцаў. Прывітала прысутных і ад імя Уздзенскага раённага выканаўчага камітэта і перадала пажаданне далейшага плёну ў працы намеснік старшыні аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзіана Макаронак. Пра работу Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў расказала  Алена Стэльмах. Кіраўнікі літаратурнага клуба “Выток” (Дзяржынск) Наталля Лебядзеўская, літаратурнага аб’яднання “Голас” (Клецк) Лілія Мялешка і уздзенскага “Нёманца” Віктар Сабалеўскі падзяліліся зробленым творчымі суполкамі за апошні час.

А затым на працягу больш як трох гадзін гучалі вершы, песні, урыўкі з празаічных твораў. Зразумела, на суд такім патрабавальным слухачам было вынесена лепшае з напісанага. Апладысментамі сустракалі ўдзельнікі сустрэчы лірычныя вершы Рэгіны Рэўтовіч і Людмілы Круглік, Віктара Худаўца і Таццяны Цвірка, Галіны Нічыпаровіч і Алы Шыбко, творы грамадзянскага гучання ад Барыса Савінава, Галіны Нупрэйчык і Дзмітрыя Вінаградава, жарты Антона Анісовіча, замалёўкі Таццяны Цехнебедзінай…

Восень перадала свае правы маладой Зіме (Валерыя Рудакоўская). Яна, прыняўшы эстафету творчых спраў, таксама паказала сябе някепскай гаспадыняй. А яшчэ засведчыла, што старэйшаму пакаленню літаратараў наступае на пяткі таленавітая моладзь – прэзентавала шаноўнай публіцы першыя крокі літаратурна-творчага аб’яднання маладых паэтаў “Вясёлка”, што ўтворана не так даўно пры раённай бібліятэцы імя П. Труса. Спадабаліся прысутным і апавяданне Рудакоўскай, і вершы Паліны Кучук, і творы выпадковай наведвальніцы бібліятэкі Дар’і Бялькевіч, якая, паслухаўшы выступленні дзяўчат, зачытала такія дасканалыя ў літаратурных стасунках вершы, што дырэктар бібліятэкі Аксана Драчан, падсумоўваючы вынікі сустрэчы, адзначыла:

– Калі наша моладзь такая здольная, актыўная, крэатыўная, можна не сумнявацца—будзе жыць і дастойна развівацца і наша мова, і літаратура.

Пазітыўныя эмоцыі вынеслі з мерапрыемства ўсе яго ўдзельнікі. Творцы абмяняліся кнігамі, аўтографамі, адрасамі. На традыцыйныя  Калядныя чытанні ў пашыраным складзе збяруцца літаратары ў Дзяржынску.

Сяргей ВАСІЛЬЧУК