“Рунь” уразіла мурашмянцаў

        “Шчыры дзякуй за радасць такой сустрэчы! Нізкі паклон вам за вашы вершы, за вашы песні!  Проста не хапае слоў, каб выказаць усё, што адчуваеш, уражаны да глыбіні душы!..” – такія словы пачулі ў свой адрас удзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага Цэнтра культуры  пасля іх канцэрта ў Мурашмянскім сельскім клубе Ашмянскага раёна.

SAMSUNG DIGITAL CAMERA      Кожны нумар выступлення “рунеўцаў” суправаджаўся дружнымі апладысментамі гледачоў, якіх было даволі многа для вясковай установы культуры.  Вершаваныя ж і песенныя творы Марыі Шакун, Аляксандра Кулака, Сафіі Русецкай, Яўгена Зялкоўскага, Валянціны Гіруць-Русакевіч, Ганны Канановіч, Людмілы Краснадубскай, Дзмітрыя Завадскага, Наталлі Жызнеўскай, якія гучалі ў выкананні саміх аўтараў,  сяброў па творчай суполцы і салістаў РЦК, былі напоўнены прызнаннем у любові роднаму  краю, матулям і ўсім жанчынам у зале; хвалюючымі ўспамінамі  кранала  душу любоўная лірыка  гэтых жа аўтараў. А  Галіна Філяноўская развесяліла ўсіх сваімі жартоўнымі вершамі  і песняй.

     На завяршэнне канцэрта “рунеўцы” вершам і песняй-малітвай папрасілі ва Усявышняга шчасця, дабра і міру роднай беларускай зямлі і яе людзям, а гэта значыць і ўсім прысутным у зале. А кіраўнік Мурашмянскага сельскага клуба Ала Уладзіміраўна Лыскойць ад імя ўсіх вяскоўцаў разам з найшчырымі словамі падзякі выказала спадзяванне на новыя сустрэчы з нашым калектывам. На памяць мурашмянцам засталіся не толькі прыемныя ўражанні ад  канцэрта, але і калектыўны зборнік “Помнім і жывём” удзельнікаў нашага аб’яднання.

SAMSUNG DIGITAL CAMERA

                                                     В. Русакевіч, кіраўнік народнага літаратурна-

                                                мастацкага аб’яднання “Рунь”