Родная зямля натхняла
У дзень 85-й гадавіны з дня нараджэння Даіра Фёдаравіча Слаўковіча пісьменнікі, бібліятэкары, музейныя работнікі, тыя, хто ведаў ці працаваў побач з вядомым земляком, ушанавалі яго памяць, усклаўшы да яго магілы на гарадскіх могілках карзіну з кветкамі.
На Уздзеншчыне добра ведаюць пра няпросты жыццёвы і творчы шлях гэтага чалавека. За без малога сорак гадоў жыцця ў нашым горадзе ён пакінуў значны след у беларускай літаратуры, культуры. Да вайны хлопчык скончыў першы клас школы. У час акупацыі выконваў нескладаныя даручэнні падпольшчыкаў. А потым – раненне, цяжкая кантузія. Урачы паставілі страшны дыягназ, ледзь не смяротны прысуд. З 1944 па 1952 год ляжаў ён нерухома, прыкаваны да ложка. У дваццацігадовым узросце, дзякуючы неймаверным фізічным намаганням, зноў стаў на ногі, занава вучыўся хадзіць. І – далучаўся да мастацкай літаратуры.Пятнаццаць галоў працуючы загадчыкам дзіцячай бібліятэкі, арганізаваў і правёў нямала цікавых мерапрыемстваў, захапляючых сустрэч, падарожжаў у чароўны свет кнігі. Яго дзіцячыя апавяданні, аповесці, п’есы, сатырычныя творы змяшчаюцца ў раённай, абласной, рэспубліканскіх газетах, часопісах. А ў 1977 годзе Дар Фёдаравіч перабіраецца ў сталіцу – працуе ў “Мінскай праўдзе”, на радыё, у часопісе “Беларусь”, займаецца творчай працай. Адна за другой выходзяць яго кнігі, якія карысталіся папулярнасцю ў чытачоў не толькі на яго маленькай Радзіме, але і ў розных куточках Беларусі, перавыдавалаіся на розных мовах на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Слаўковіча прымаюць у Саюз пісьменнікаў, у 1968 годзе яму прысвоілі званне выдатніка культуры СССР.
Апошнія гады свайго жыцця пісьменнік правёў на любай Уздзеншчыне, набыўшы домік-дачу ў вёсцы Касцяшы. Тут, сярод маляўнічых прынёманскіх лугоў, у акружэнні багатых на грыбы і ягады лясоў яму і дыхалася лягчэй, чым у сталіцы, і пісалася плённа. Было нямала творчых задумак, але не ўсе з іх удалося ажыццявіць – у жніўні 2010 года Даіра Фёдаравіча не стала. Пахавалі яго на ўздзенскіх могілках, побач з маці Сцепанідай Мікалаеўнай, якая памерла ў 1959 годзе…
Віктар САБАЛЕЎСКІ