Працавітая, таленавітая, самабытная…

“Я тут жыву, і край мне гэты дарагі” – такую назву мела калектыўная творчая справа, што прайшла ў апошні восеньскі дзень у ДУА “Уздзенская санаторная школа-інтэрнат” і была прысвечана маючаму адбыцца юбілею сталічнай вобласці.

З розных куточкаў Міншчыны ў сценах гэтай навучальна-аздараўленчай установы адпачываюць, вучацца, папраўляюць здароўе дзеці, якіх тым ці іншым чынам зачапіла сваім крылом аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Прыехаўшы сюды на вучэбную чвэрць, яны, вядома ж, сумуюць па родных мясцінах, дзеляцца ўспамінамі пра іх з новымі сябрамі, расказваюць пра адметнасці сваіх раёнаў. Гэтую асаблівасць і вырашылі скарыстаць педагогі санаторнай школы. У выніку атрымаўся цікавы калектыўны расказ пра край, у якім мы жывём.

Любоў Пармон, старшыня прафсаюзнай арганізацыі ўстановы, адзін з арганізатараў мерапрыемства, падабрала цікавыя вершаваныя і празаічныя радкі пра розныя куточкі вобласці. А затым самі дзеці з дапамогай вершаў, паданняў, песень, танцаў, гульняў праслаўлялі сваю маленькую Радзіму, запрашалі прысутных наведаць той ці іншы раён.

З цікавасцю дзеці і дарослыя праглядзелі інсцэніроўку легенды пра паходжанне назвы горада Валожын, здзейснілі віртуальнае відэападарожжа ў фестывальнае Маладзечна і турыстычны горналыжны комплекс “Сілічы”, што на Лагойшчыне, разам з юнымі фанатамі Салігорскага “Шахцёра” пабалелі за іх любімую футбольную каманду, даведаліся пра гісторыю старажытнага Слуцка і ўнікальныя народныя традыцыі, што захоўваюцца ў музейным комплексе “Дудуткі” Пухавіцкага раёна, падзівіліся на багацце ўбранства радзівілаўскага палаца ў Нясвіжы і “ўзняліся” на самую высокую кропку на карце Беларусі – гару Дзяржынскую…

Напярэдадні мерапрыемства ў санаторнай школе быў арганізаваны конкурс малюнкаў “Міншчына светлая мая”, лепшыя з работ былі выстаўлены ў холе перад актавай залай. А потым вядучыя прапанавалі дзецям адным словам ахарактарызаваць (і аргументаваць) якая яна, Міншчына. “Працавітая, сінявокая, таленавітая, лясная, родная, талерантная, зялёная, сонечная, багатая…” – з розных куточкаў залы чуліся выказванні.

Цікавым аказаўся аповед і пра Уздзеншчыну. Чым яна славіцца? Ды многім, але хлопчыкі і дзяўчынкі зрабілі ўпор на расказ пра сваіх славутых землякоў – вучоных, мастакоў, дзеячаў культуры і, вядома ж, пісьменнікаў, якіх на гэтай зямлі нарадзілася звыш дваццаці. Гледачы ўбачылі інсцэніроўку знакамітай байкі Кандрата Крапівы “Дзед і баба”. Госцем вечарыны стаў кіраўнік раённага літаратурнага аб’яднання “Нёманец”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Сабалеўскі. Ён прачытаў вершы пра сваю маленькую Радзіму, вёску Марозавічы ў Стаўбцоўскім раёне, пра адметныя мясціны Міншчыны, родную Беларусь, адказаў на пытанні слухачоў, пакінуў для мясцовай бібліятэкі некалькі сваіх кніг. “А Радзіму давайце любіць!” – такім заклікам-прапановай з верша паэта завяршылася сустрэча.

Сяргей ВАСІЛЬЧУК