Пра граніцу – словам, фарбай, музыкай
28 мая адзначыць свой векавы юбілей пагранічная служба Рэспублікі Беларусь. Да гэтай знакавай падзеі прымеркавана нямала мерапрыемстваў, што праходзяць і чакаюць сваёй чаргі як ў сталічным ведамстве людзей з зялёнымі пагонамі, так і непасрэдна на пагранзаставах. Адно з іх – рэспублікакнскі конкурс на лепшы літаратурны, мастацкі і музычны твор, прысвечаны 100-годдзю пагранічнай службы.
20 красавіка ў памяшканні Інстытута пагранічнай службы адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў конкурса. З розных куткоў Беларусі сюды запрасілі аўтараў лепшых апавяданняў і вершаў, малюнкаў і фотаздымкаў. Усяго ж у конкурсе прынялі ўдзел каля паўтары тысячы чалавек, самаму малодшаму з якіх усяго сем гадоў, а старэйшаму пайшоў восьмы дзясятак. Няпроста было журы адабраць лепшыя з 685 малюнкаў, 428 літаратурных твораў, 294 фотаработ, каля 20 песень. А пра нялёгкую службу пагранічнікаў выказалі жаданне расказаць не толькі супрацоўнікі гэтага ведамства, іх дзеці, родзічы, але і прадстаўнікі іншых, нярэдка далёкіх ад армейскага жыцця прафесій.
Пачалося мерапрыемства з экскурсіі па вучэбных аўдыторыях Інстытута пагранічнай службы, дзе вось ужо дваццаць пяць гадоў рыхтуюць кадры ахоўнікаў беларускай мяжы. Паколькі сярод лаўрэатаў было нямала школьнікаў, іх бацькоў, такое знаёмства напрыканцы навучальнага года было не проста пазнавальным, стала своеасаблівым днём адчыненых дзвярэй і, не выключана, падштурхне кагосьці да свядомага выбару прафесіі. Госці пабачылі сучасныя сродкі і праграмы навучання, аналагаў некаторых з якіх няма на прасторах СНД, завочна пабывалі на пагранзаставе і ў штабе кіраўніцтва службай, даведаліся пра хуткасць руху верталёта-беспілотніка і матэрыяльнае забеспячэнне пагранічнікаў. Цікавасць у дзяўчат выклікаў той факт, што з 2016 года ў навучальную установу набіраюць і прадстаўніц цудоўнага полу.
Але, безумоўна, усе з нецярпеннем чакалі пачатку асноўнага дзейства – цырымоніі ўзнагароджвання. І вось у запоўненай выкладчыкамі, курсантамі і гасцямі зале гучыць урачыстая музыка. “А на плечах у нас зелёные погоны…”, “У пограничников особые законы…” – словы бадзёрага марша дадаюць прысутным адрэналіну. Удзельнікаў конкурсу вітае намеснік старшыні дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Уладзімір Маісеенка. Ён жа ўручыў дыпломы і каштоўныя падарункі пераможцам сярод юных мастакоў, дзе адзначаны лепшыя малюнкі дзяцей ва ўзроставых катэгорыях ад 8 да 11, ад 12 да 14 і старэй за 15 гадоў.
Прафесійную ацэнку музычным работам даў вядомы кампазітар Алег Елісеенкаў. Лепшай прызнана песня пра граніцу на верш Уладзіміра Мазго са сталіцы.
— Мы, людзі творчых прафесій, у пэўным даўгу перад пагранічнікамі, — так пачаў сваё выступленне старшыня грамадскай арганізацыі “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Мікалай Чаргінец. – Ні адна застава ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны не адступіла, не ўсе яшчэ прозвішчы герояў, што загінулі, не ўсе іх подзвігі вядомыя. Пра гэта трэба пісаць!
Мікалай Іванавіч назваў прозвішчы пераможцаў у намінацыях “літаратурна-мастацкі твор” і “паэтычны твор” – імі сталі супрацоўнік ТЦСАН Браслаўскага раёна Уладзімір Мажылоўскі і прадстаўнік гандлёва-вытворчай фірмы “Ліда” Яраслаў Пазнухоў. Лаўрэатам конкурса сярод паэтаў стаў і карэспандэнт “Чырвонай зоркі”, член Саюза пісьменнікаў Віктар Сабалеўскі. А лепшым фотаздымкам прызнана работа супрацоўніка Полацкага пагранатрада Дзяніса Глебкі.
У Гомель і Пінск, Маларыту і Іўе, Столін і Смаргонь, іншыя раёны Беларусі павезлі ўдзельнікі конкурса дыпломы, падарункі, а яшчэ – цудоўны настрой і жаданне ствараць новыя вартыя ўвагі і належнай ацэнкі творы.
Сяргей ВАСІЛЬЧУК
На здымках:
У час экскурсіі – у адной з аўдыторый Інстытута пагранічнай службы
Сярод курсантаў навучальнай установы і дзяўчаты
Вынікі конкурсу у намінацыях “літаратурна-мастацкі твор” і “паэтычны твор” агучыў і павіншаваў пераможцаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец
Група пераможцаў і лаўрэатаў
Лаўрэатам конкурсу стаў і супрацоўнік Уздзенскай раённай газеты, член Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Сабалеўскі