Апошні юбілей адыходзячага года

Напярэдадні Новага года Мінскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” павіншавала свайго апошняга ў мінулым годзе юбіляра. Мерапрыемства адбылося ў чытальнай зале Пухавіцкай раённай бібліятэкі, якая на гэты раз прыняла гасцей: самога “віноўніка” святочнай падзеі Мікалая Аляксандравіча Гурына і тых, хто прыйшоў павіншаваць яго з 85-гадовым юбілеем.

Пісьменніка, даследчыка Пухавіччыны, былога вязня фашысцкіх канцлагераў паважаюць землякі: і людзі старэйшага ўзросту, і юныя жыхары раёна. Утульную чытальную залу запоўнілі прадстаўнікі аўганскай і ветэранскай арганізацый Пухавіцкага раёна, вучні сярэдняй школы №1 горада і сябры юбіляра.

Распачала святочную імпрэзу загадчыца бібліятэкі Бародзька Наталля Аляксандраўна, якая пасля віншавання Мікалая Аляксандравіча перадала яму слова. Яму было што расказаць аб сваім жыцці і творчасці. Удзельнікі святочнай сустрэчы пачулі ад юбіляра аповед жыцця, у якім былі расказы пра гады ваеннага ліхалецця, пра знаходжанне ў кантрацыйных лагерах на нямеччыне, пра жыццё ў мірны пасляваенны час – пра яго выкладчыцкую дзейнасць, творчыя здзяйсненні, планы на будучае.  На выставачным стэндзе стаялі кнігі Мікалая Аляксандравіча. Сярод іх – серыя краязнаўчых даследванняў “Пуховщина помнит» і шматлікія каллектыўныя зборнікі, у якія ўвайшлі творы Мікалая Аляксандравіча.

Мікалая Аляксандравіча Гурына павіншавала старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святлана Анатольеўна Быкава, якая ад імя ўсёй пісьменніцкай арганізацыі Беларусі ўручыла яму ганаровую Грамату за шматгадовую плённую працу на літаратурнай ніве Бацькаўшчыны. Яна адзначыла, што вельмі добра, што сярод нас яшчэ жывуць тыя, хто можа расказаць, напомніць нам пра жахі вайны. Яна падкрэсліла, што сустрэчы з такімі людзьмі, як Мікалай Аляксандравіч, вучаць моладзь і тых, хто, на шчасце, не быў сведкамі вайны, быць разумнымі людзьмі і берагчы мірнае жыццё.

Шмат цёплых слоў у адрас юбіляра было сказана прадстаўнікамі раённай ветэранскай арганізацыі і воінамі-інтэрнацыяналістамі, якія таксама шчыра віншавалі Мікалая Аляксандравіча, зычылі яму доўгіх і плённых гадоў жыцця, творчых поспехаў, здзяйснення планаў і задумак.

Гарачая гарбата, якую у цесным сяброўскім коле пілі госці разам з юбілярам пасля афіцыйнай часткі святочнай імпрэзы, і навагодняя елачка, каля якой зрабілі шмат фотаздымкаў на памяць, надалі сустрэчы яшчэ больш душэўнасці і цеплыні, узнялі святочны настрой прысутных.

                                Прэс-цэнтр

                                 МАА ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.  

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.