Пісьменнікі Міншчыны – у НДЦ “Зубраня”

Пісьменнікі Міншчыны – у НДЦ “Зубраня”

 

20 ліпеня 2022 года адбылося чарговае мерапрыемства Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яно стала працягам акцыі “Лета з добрай кнігай”. Каманда пісьменнікаў на чале са старшынёй аддзялення Леанідам Крываносам наведала Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўляльны цэнтр “Зубраня”.

У гэты сонечны дзень бібліятэчная скарбніца цэнтра прыдбала кніжныя навінкі – дарункі літаратараў Міншчыны. Адбыліся і творчыя сустрэчы. Пісьменніца і кампазітар, кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца” Ірына Карнаухава пазнаёміла школьнікаў са сваімі творамі, расказала аб асаблівасцях творчага працэсу стварэння вершаў. Пра адметныя гістарычныя падзеі і міфы беларускай зямлі з натхненнем распавядаў слухачам малодшага школьнага ўзросту і захапляў іх вершамі-загадкамі дзіцячы пісьменнік Віктар Кажура. Перад шматлікай жа аўдыторыяй вучняў старэйшых класаў спяваў песні на свае вершы паэт, бард Уладзімір Цанунін. Леанід Крыванос, у сваю чаргу, чытаў творы з яшчэ ненадрукаванага рукапісу і разважаў пра літаратурную творчасць з падлеткамі двух груп, сярод якіх былі і маскоўскія адпачывальнікі. За ўсім, што адбывалася ў гэты дзень у адукацыйна-аздараўляльным цэнтры “Зубраня”, пільна сачыў фотааб’ектыў публіцыста і празаіка Паўла Жукава. У хуткім часе ў Мядзельскай раённай газеце “Нарачанская зара” выйдзе яго нарыс аб падарожжы хлопчыкаў і дзяўчынак у свет мастацкай літаратуры.

Сустрэчы прайшлі на высокім эмацыянальным пад’ёме, у атмасферы шчырага дыялогу.

 

Прэс-служба МАА СПБ