Літаратурны марафон «Па кроплі лета смакаваць». Тамара БЯРЭЗІНА

Літаратурны марафон «Па кроплі лета смакаваць».

Тамара БЯРЭЗІНА

Бура

З-за лесу цёмнаю навалай
Паўзла махіна цяжкай хмары,
Яна паўнеба закрывала,
Расла, пужаючы абшары.
У чорна-сінім грозным целе
Агнём барвовым бліскавіцы
Усё бліжэй, бліжэй мігцелі — 
Грамоў аддаленых сястрыцы.
Ужо ўсё неба захінула,
Абвальны дождж нясе з сабою,
А дождж і град з магутным шумам
Няўмольна сунецца сцяною.
Іх падганяе моцны вецер — 
Не ведае стыхія стомы,
Зрывае вецер дрэваў вецце,
І дрэвы ломяцца раптоўна.
Град секануў пякучым шротам,
Ліецца дождж з нябёс лавінай,
Сячэ расліны, нібы дротам, — 
На градах месіва пакінуў.
Нядоўга бушавала бура — 
Далей пасунулася хмара,
Пранеслася з дажджом віхура
Злой, небяспечнаю пачварай.
Ужо сціхае вецер дзікі,
Дождж рэдкім робіцца і слабне,
На лужынах — ад сонца блікі:
Яно ўжо засвяціла ўладна.

***

Адбіваецца на лужах
Сонца яркая смяшынка,
Праляцеўся дожджык дружны
Па завілістых сцяжынках.
 
Наталіў пяшчотна смагу
Вялых траваў, жухлых кветак,
Не мінуў сваёй увагай
Шчодры ўзгорысты палетак.
 
Заспявалі птушкі звонка
У бяскрайней неба сіні,
А стракатая вясёлка
Зачапілася ў вышынях.
 

На Купалу сонца рана йграе…

 
Важна крочыць лета ў залатой кароне,
Кветкамі прыбрана на прыроды ўлонні.
У жытнёвых косах стужкі-васілёчкі,
Заміргалі ярка сіненькія вочкі.
 
Сонца зіхаткое на Купалу йграла,
Па рацэ з вянкамі песня адплывала.
Шчасцем зацвітала для кагосьці ўлетку
Дзесьці ў нетрах лесу папараці кветка.

 

***

Лісточкамі шэпчуцца стройныя клёны,
Абрусам лужок разаслаўся зялены,
Па ім маляўніча рассыпаны краскі,
Іх ветрык цалуе з пяшчотай і ласкай.
Пад сонцам паўдзённым у летнюю спёку
Хвалюючы водар ліецца далёка.
Пчаліны народ папрацуе на славу,
Зрабіўшы сваю паўсядзённую справу,
У вулей збярэ ўсю гаючую сілу,
Што ў кветкі з любоўю прырода ўлажыла.

***

Погляд зорак з павалокай
Млявым точыцца святлом.
Там, у вышыні далёкай,
Іх сапраўдны ціхі дом.
 
І, здаецца, з тых вышыняў
Правяць баль яны адны,
У начной нябеснай сіні
Бачаць зоркавыя сны.
 
Іх загадкавыя тайны 
Да канца не разгадаць…
Будуць моўчкі незвычайна
Пастаянна хваляваць.

Вечарам

Заглядае ў вокны вечар
Летні, ціхі, бестурботны,
Зоркі ў небе, быццам свечкі,
Заміргалі бесклапотна.
 
Выплыў месячык ігрысты,
Нібы рыба залатая,
Луг і рэчку — усё чыста,
Як пражэктар асвятляе.
 
Будзе месяц аж да рання
З рэчкай цесна абдымацца
І, як рыбка залатая, 
У вадзе жывой купацца.
 
Мастак ШЭВЯЛЁЎ (ШЕВЕЛЁВ) А.В. Пейзаж з вясёлкаю

Прэс-служба МАА СПБ