Пісьменнікі Міншчыны прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных ХХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашу
Share the post "Пісьменнікі Міншчыны прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных ХХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашу"
ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш стала адметнай падзеяй у жыцці краіны, у тым ліку, Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яшчэ напярэдадні яе адкрыцця прадстаўнікі аддзялення прынялі ўдзел у міжнародным сімпозіуме літаратараў “Пісьменнік і час”, некаторых мерапрыемствах Дзён літаратуры Узбекістана ў Беларусі, сустрэчах з расійскімі літаратарамі – ганаровымі гасцямі выстаўкі-кірмашу, у спецыяльнай акцыі “Паэтычны аўтобус”. Але найбольш актыўна пісьменнікі Міншчыны працавалі на мерапрыемствах самой выстаўкі.
У прэзентацыі праекта кнігі выдавецкага дома “Беларусь сегодня” “Привкус цветных революций” прыняў удзел публіцыст, член аддзялення, адзін з прадстаўнікоў аўтарскага калектыву Сяргей Мусіенка. Усе дні на пляцоўках выставачнага цэнтру працаваў вядомы аўтар фотадаследаванняў нашага гістарычнага мінулага і шматлікіх кніг-альбомаў Уладзімір Ліхадзедаў. На стэндах выдавецтваў “Выдавецкі дом “Звязда”, “Народная асвета”, “Беларусь” прэзентавалі свае кнігі дзіцячыя пісьменнікі Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Віктар Кажура, Генадзь Аўласенка, паэтэсы Ірына Карнаухава, Святлана Быкава.
На галоўнай сцэне Нацыянальнага стэнда адбылася прэзентацыя Мінскага абласнога аддзялення. На ёй удзельнікам і гасцям кніжнага свята былі прадстаўлены выданні, аўтараў якіх аддзяленне вылучыла ў якасці намінантаў на Нацыянальную літаратурную прэмію: аповесць і апавяданні “За красной чертой” празаіка Аляксея Шаўцова, кнігу лірыкі “Што адклалася на сэрцы” паэта Фёдара Гурыновіча, кнігу вершаў “Мастак-чарадзей” Святланы Быкавай, апавяданні “Куда бежит собака Мелли” дзіцячай пісменніцы Таццяны Дашкевіч, “Энцыклапедыю юнага натураліста” Віктара Кажуры. Праводзілі мерапрыемства старшыня аддзялення Леанід Крыванос і паэт Рагнед Малахоўскі. Найбольш запамінальнай стала прэзентацыя сваёй кнігі Таццянай Дашкевіч. Яна не толькі расказала пра тое, як ствараўся твор, але і чытала вытрымкі са зместу, прыгожа выконвала тэматычна адпаведныя песні.
Уладзімір Ліхадзедаў за актыўны ўдзел у ХХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашу з рук намесніка міністра інфармацыі Ігара Бузоўскага быў узнагароджаны Дыпломам.
Прэс-служба МАА СПБ