На Клеччыне адсвяткавалі Міжнародны дзень паэзіі

Пачатак святочных мерапрыемстваў адбыўся ў Клецкім раённым цэнтры культуры з імпрэзы “Прекрасен мир стихами”. Вершы рознай тэматыкі чыталі паэтэса Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіна Нупрэйчык, мясцовыя аматары паэтычнага слова Аляксандр Жукоўскі, Юрый Эверт, Святлана Тамбулатава, Іван Бобка. Бард Аляксей Лапата парадаваў слухачоў новымі песнямі. З вуснаў удзельнікаў таксама гучалі творы членаў абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Ліліі Мялешка і Таццяны Цвірко.

Удзячныя слухачы – юныя чытальнікі з Клецкага сельскагаспадарчага коледжа і Клецкай гімназіі ў сваю чаргу дэкламавалі вершы класікаў і сучасных любімых паэтаў.

Наступнае святочнае мерапрыемства адбылося ў Тучанскай сярэдняй школе Клецкага раёна з удзелам Галіны Нупрэйчык, дзе некалі яна вучылася. Вучні чыталі вершы паэткі, задавалі пытанні, уважліва шукалі ў творах нешта адметнае, незвычайнае, адгадвалі загадкі.

Мерапрыемствы атрымаліся змястоўнымі і цікавымі для ўсіх прысутных.

Прэс-служба МАА СПБ