Пісьменнікі Міншчыны ў Станькава. Тэма Вялікай Айчыннай вайны сабрала творцаў у гістарычным месцы Беларусі
Share the post "Пісьменнікі Міншчыны ў Станькава. Тэма Вялікай Айчыннай вайны сабрала творцаў у гістарычным месцы Беларусі"
«Памяць — галоўны вораг вайны»
Гісторыя і сучаснасць, пройдзенае, пакладзеныя ў рады гады памяці, нібы скібы на пераараным полі, і жыццё цяперашняе — складальнікі асэнсавання пісьменнікамі мінуўшчыны, таго, што было, перажыта, ва ўзаемасувязі з рэчаіснасцю. Чаму гэта важна? Менавіта пісьменнік можа з’арыентаваць грамадства ў якім напрамку рухацца, з камянёў — духоўных арыенціраў — якой вартасці вымасціць брушчатку будучага шляху.
Тэма для «круглага стала» ў Мінскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі была выбрана невыпадкова: «Вялікая Айчынная вайна ў творчасці пісьменнікаў Міншчыны». Няма таго творцы, які б не звяртаўся да гераічных падзей мінулага. Год таму выйшаў калектыўны зборнік пісьменнікаў Міншчыны «Радзіма. Адзінства. Перамога». І вось зноў непакой аб захаванні праўды пра Вялікую Айчынную вайну, трывожнае напружанне варожых сіл у свеце, жаданне зберагчы мір, клопат перадаць маладым трапечучы агеньчык нязгаснай памяці паклікалі пісьменнікаў у дарогу, туды, дзе і сёння блукае рэха далёкай вайны…
У час ваеннага ліхалецця Станькаўская зона была адной з найбольш партызанскіх. Непадалёк ад гэтых месц 14 чэрвеня 1942 года каля вёскі Аляксандрава абыўся бой паміж партызанамі атрада М.М. Нікіціна і фашысцкімі карнікамі. Гэты бой, як найбольш значны, увайшоў у гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. У дзясятку кіламетраў ад Станькава сястра Хатыні — вёска Літавец. Нямецка-фашысцкія акупанты знішчылі яе ў час карнай аперацыі “Якаб”. 14 студзеня 1943 г. фашысты напалі на веску і загубілі 196 жыхароў, у тым ліку 58 дзяцей, спалілі 42 двары. Пасля вайны в. Літавец не адрадзілася. У 1986 годзе на месцы спаленай вёскі быў узведзены мемарыяльны комплекс “Літавец”. Дарэчы, толькі ў Дзяржынскім раёне немцы спалілі пяць вёсак. Вёска Станькава — радзіма піянера-героя Марата Казея. Побач са Станькавам на месцы былога Мінскага ўкрэпраёна — экспазіцыя ваеннай тэхнікі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Мінула 75 гадоў з пераможнага майскага дня. Многа гэта ці мала? Многа, калі звярнуцца да ўзросту ветэранаў, які ўсё больш дае аб сабе знаць… Многа, бо пад мірным небам цяжкасці і такія надакучлівыя крызісы, здаюцца ўсё ж такі дробязнымі, у параўнанні з тым, чаго дасягнула змарнаваная вайной Беларусь, за гады спакойнага жыцця, тым больш за час сваёй незалежнасці.
75 — напэўна, усё ж такі важкі гістарычны адрэзак, бо часцей асмельваюцца ўзняцца галасы, каб саманадзейна пусціць раку чалавечай памяці аб самай крывавай вайне ў іншае, больш спрыяльнае для сябе, рэчышча. Невыносна крыўдна за ветэранаў. Гэта адчуўшы іх паслабеўшыя сілы, скарыстоўваюць свой шанц быць пачутымі тыя, хто пагарджае славай сапраўдных герояў.
І 75 гадоў — гэта мала, бо незгасае ў генетычнай памяці беларусаў боль, і наўрадці, магчыма яго пазбавіцца. Такіх дзікунстваў, якія тварыў на нашай зямлі вораг, свет не бачыў. Ад іх, здаецца, уздрыганецца самае каменнае сэрца. А не, рука несла пад страху бліскучы факел, каб весела гергатаць пад стогны людскіх пакут у вогненных вёсках. Нехта ліха заскокваў у танк, каб коўзацца па жывых чалавечых целах, набіваючы імі глыбокі яр. Некаму хацелася любавацца слупом густога дымка з труб канцлагераў — фабрык смерці. Кожны трэці беларус застаўся там, на той вайне…
Алена Стэльмах