Паэма “Роднасць” Хведара Гурыновіча

16 кастрычніка 2015 года ў чытальнай зале дзяржаўнай установы “Раённая цэнтральная бібліятэка” адбылася прэзентацыя новага паэтычнага твора беларускага паэта, ураджэнца вёскі Крывічы Салігорскага раёна, жыхара горада Салігорска, 1950 года нараджэння, Хведара Хведаравіча Гурыновіча – кнігі паэзіі “Роднасць”.
Кніга “Роднасць” – гэта 21 паэтычны твор аўтара, беларускамоўны варыянт перакладу рускамоўнай біяграфічнай паэмы “Год – как жизнь, жизнь – как год”.
Але ў выніку працы над перакладам гэтай паэмы атрымалася, па сутнасці, зусім новая паэма, больш шчырая і мілагучная, з яркімі эпітэтамі і народнымі выслоўямі.
Новы паэтычны твор – паэма “Роднасць” разбіта на 12 частак па назвах месяцаў года – “Студзень”, “Люты”, “Сакавік” і гэтак далей.
Галоўнымі ўдзельнікамі прэзентацыі кнігі “Роднасць” былі навучэнцы старшых класаў Салігорскай гімназіі № 3. Многія з іх на памяць чыталі трапныя вытрымкі з новай кнігі паэзіі ў сугучнасці жыццёвага шляха аўтара з жыццём крывіцкага народа цудоўнага кутка Беларусі.
Прэзентацыю кнігі “Роднасць” вяла бібліятэкар ДУ “РЦБ” Ніна Мігун – адзін з актыўных арганізатараў творчых мерапрыемстваў у бібліятэцы.
У сваім выступленні Хведар Гурыновіч, у прыватнасці, сказаў: – “Паэзія – гэта мудрасць чалавечая. Яна не кожнаму дана. Паэзія раўнадушша не прымае, яна сама ў душу ўваходзіць…
Мая новая паэма – гэта адзін з лепшых маіх паэтычных твораў. Гэта песня майго жыцця, майго края і маёй краіны – роднай Беларусі…”
Салігорская паэтэса Валянціна Бабко-Аляшкевіч у сваім кароткім выступленні заклікала ўсіх удзельнікаў мерапрыемства любіць кнігу, паэзію і родную матчыну мову.
Па заканчэнні прэзентацыі кнігі “Роднасць” старшыня Салігорскага раённага Савета дэпутатаў Лідзія Клішэвіч шчыра павіншавала Хведара Гурыновіча з выхадам у свет новай кнігі паэзіі.
На памяць быў зроблены агульны здымак.
Новая паэма “Роднасць” члена Саюза пісьменнікаў, з 1990 года лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, прасякнута любоўю да Радзімы, малой і вялікай.