Непарыўная сувязь вякоў

     16 мая паэты Міншчыны былі запрошаны да ўдзелу ў сумесным мерапрыемстве, зладжаным Мінскім раённым аддзяленнем ГА “Белая Русь” і Мінскім абласным аддзяленнем ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” ў ДУА “Навапольскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж”. Гасцей з творчага Саюза гасцінна сустракалі дырэктар каледжа Лукашэвіч Сяргей Уладзіміравіч, яго намеснік па выхаваўчай рабоце Сцепушчонак Тамара Міхайлаўна, загадчыца бібліятэкі Рунцо Вера Мікалаеўна, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Чарнавусава Ніна Іванаўна і навучэнцы.

Паэты-сучаснікі Міншчыны ў той дзень былі прадстаўлены калектыву навучальнай установы ў асобах старшыні Мінскага абласнога аддзялення СПБ Святланы Быкавай, яе намесніцы паэткі Бажэны Ганушкінай, а таксама паэта і барда з Вілейкі  Уладзіміра Цануніна.

Сустрэча праходзіла пад назвай “Непарыўная сувязь вякоў” і была прысвечана 500-годдзю беларускага першадрукавання. Святлана Быкава, пачынаючы сустрэчу, падкрэсліла непарыўную сувязь, якая існуе паміж вядомымі асобамі і літаратарамі мінуўшчыны, якія рухалі наперад развіццё беларускай мовы і літаратуры  (Францыск Скарына, Янка Купала, Якуб Колас і інш.) і сучаснасцю – паэтамі і пісьменнікамі, якія прадаўжаюць вялікую справу ўдасканалення літаратурнага Слова. Яна расказала прысутным пра сваю працу з вучнямі Заслаўскай гімназіі ў якасці кіраўніка літаратурнага клуба “Ізяслаўцы”, які створаны пры гімназіі і аб’яднаў паэтычна адораных вучняў. Далей паэтка пазнаёміла слухачоў з калектыўным агульнагарадскім зборнікам “Струмені заслаўскай крынічкі”. Гэта кніга выйшла ў мінулым годзе і змясціла літаратурныя творы вучняў усіх сярэдніх навучальных устаноў горада Заслаўя. Напрыканцы свайго выступлення Святлана Анатольеўна ад імя ўсіх членаў Мінскага абласнога аддзялення ГА СПБ на добры ўспамін аб сустрэчы падарыла для бібліятэкі каледжа калектыўны зборнік аддзялення “Міншчына літаратурная” і два свае асабістыя зборнікі паэзіі.

Бажэна Ганушкіна ў сваім выступленні расказала навучэнцам каледжа пра вочна-завочную школу юных літаратараў “Са-Творчасць” і запрасіла ўсіх, хто сябруе з паэтычным словам, наведаць заняткі і далучыцца да творчай суполкі моладзі.  Трэба сказаць, што ў зале сярод слухачоў прысутнічала маладая настаўніца рускай мовы і літаратуры Навапольскай школы-сада Маладцова Вольга Валер’еўна, якая прыйшла на сустрэчу са сваімі вучнямі. Вольга Валер’еўна з’яўляецца слухачом школы “Са-Творчасць”, піша вершы і прозу, актыўна ўдзельнічае ў літаратурных і журналісцкіх конкурсах і ўжо не аднойчы з’яўлялася іх лаўрэатам.

Далей сустрэча цалкам перайшла на лірычны лад. Навучэнцы каледжа слухалі вершы Святланы Быкавай і  Бажэны Ганушкінай пра Радзіму, маці, каханне, а таксама вершы пра чарнобыльскую трагедыю, радкі-ўспаміны, гумарыстычныя вершы і песні Уладзіміра Цануніна.

Напрыканцы сустрэчы ўсе слухачы пажадалі сфатаграфавацца з гасцямі, шчыра падзякавалі ім за добрыя ўражанні і настрой, якія засталіся пасля выступлення, і выказалі жаданне сустрэцца з імі зноў.