Не згарэць — загартавацца!

Рукапісы не гараць. Не згасаюць і таленты. Яны толькі загартоўваюцца. Загартоўваюцца тымі нягодамі, якія выпадаюць на іх долю. Цэлая кагорта такіх пісьменнікаў выжыла ў полымі Вялікай Айчыннай вайны. І як тут не згадаць паэта Аляксандра Суслава (1922 — 2013), празаіка Алеся Савіцкага (1924 — 2015), іншых выбітных прадстаўнікоў ліхалетнага пакалення… Шмат хто адышоў у Вечнасць, але творы гэтых аўтараў не страчваюць актуальнасці і сёння. А празаікі Уладзімір Федасеенка і Міхась Даніленка, паэты Іван Муравейка, Мікалай Іваноў, Ала Чорная, Мікола Аўрамчык ды іншыя і ў нашы дні працягваюць плённа працаваць на ніве айчыннай літаратуры.

Уражвае паэзія Міколы Аўрамчыка. У Вялікую Айчынную вайну Мікола Якаўлевіч удзельнічаў у баях на ПаўночнаЗаходнім і Волхаўскім франтах. У чэрвені 1942 г. быў узяты ў палон. Вызвалілі толькі ў 1945-м… Захопнікі вывезлі яго ў Рур — на каменнавугальныя шахты. Менавіта адтуль з’явілася ў творчасці паэта «паўзмрочная капальня ў дымным Руры». І чаму «сэрца птушкай раненай трапеча, / Гарачай абліваецца крывёй»?..

«На фронце быў акопнікам-салдатам, / Сябе за спіны іншых не хаваў…» Гэта радкі з аўтабіяграфічнага пасляваеннага верша Івана Муравейкі «Пра сябе». Сёння Іван Андрэевіч, ураджэнец вёскі Таль Любанскага раёна Мінскай вобласці, жыве на Міншчыне, у г. Любань. Аўтар кніг вершаў для дзяцей «Ручаінкі» (1956), «Сем колераў вясёлкі» (1965), «Растуць дзеці» (2011) ды інш. А ў далёкім 1939-м яшчэ студэнтам Мінскага камуністычнага інстытута журналістыкі быў прызваны ў Чырвоную Армію. Падчас Вялікай Айчыннай — удзельнік баёў на Заходнім, Данскім, 3-м Украінскім і 1-м Беларускім франтах, а ў 1945 — 1947 гг. служыў у Германіі — у складзе Цэнтральнай групы войск. Уганараваны ордэнамі Айчыннай вайны I (двойчы) і II ступені, Чырвонай Зоркі. Боль успамінаў пра вайну назаўжды застанецца ў яго кнігах «Прынёс з вайны» (1991), «Была вайна» (2009), «Я — Іван з Беларусі» (2014).

Не маўчаў пасля вайны і талент Міхася Даніленкі. Кніга прозы для дзяцей «Вернасць слову» (1956), зборнікі аповесцей і апавяданняў «Майская навальніца» (1959), «Журлівіца» (1980), «Родная зямля» (1982) — вось толькі невялікая частка літаратурнай спадчыны пісьменніка, ураджэнца Лоеўшчыны, які ваяваў на Паўночна-заходнім фронце, быў кантужаны, трапіў у палон, уцёк адтуль і ў жніўні 45-га вярнуўся ў войска. Вайна паказваецца аўтарам праз прызму ўспрымання юнака, які, нягледзячы на ўзрост, добра ўсведамляе, што галоўнае — застацца чалавекам.

У цэнтры ўвагі Уладзіміра Федасеенкі (які сёлета адзначыў 90-годдзе) — жыццё моладзі падчас Вялікай Айчыннай вайны, роля маладога пакалення ў барацьбе супраць акупантаў. У вобразе галоўнага героя раманаў «Дубовая града» і «Віхры на скрыжаваннях» Валодзі Байкача ўвасоблены лёс моладзі — соцень тысяч юнакоў і дзяўчат, якія ўсімі сіламі набліжалі Дзень Перамогі. Падзеі Вялікай Айчыннай адлюстраваны і ў рамане «Мутныя росы», у якім ахвярай чорнага крыла вайны паказана і экалогія палескага краю.

Таксама аўтабіяграфічны зборнік лірыкі паэта Мікалая Іванова «Маю слова». «Юность птицею летела — / и всё мимо, стороной… / В одночасье поседела, / опалённая войной». Колькі пранізлівага пачуцця ў гэтых радках франтавіка, палкоўніка ў адстаўцы, удзельніка штурму Берліна, кавалера пяці ордэнаў, які амаль чатыры дзясяткі гадоў прысвяціў службе ва Узброеных Сілах!

«… Обстрел над Ленинградом… / И мороз. / И продолжается блокада…» Змрочныя карціны паўстаюць у памяці паэтэсы Алы Чорнай, якая пяцігадовай дзяўчынкай апынулася ў гэтым пекле разам з маці. У іншым яе вершы са зборніка лірыкі «Люстэрка» — «…бант / И тёмная чёлка. / Блокада. Война. / И девочка эта — / Я…»

А яшчэ паэтэса сцвярджае: «У памяти пути особые… Она хранит всегда немногое…» Але ўспаміны пра трагедыю Вялікай Айчыннай вайны — не страціць. Ніколі.

Яна ЯВІЧ

“ЛіМ” №25-2016