Нацыянальная літаратурная прэмія: знаёмімся з намінантамі

Усцешыць Коласа

Аўтар. Фёдар Гурыновіч больш за трыццаць гадоў працаваў у газеце «Калійшчык Салігорска». Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра (1997).

Твор. Паэма «Роднасць», як адмысловы каляндар сялянскай працы, складаецца з дванаццаці частак, названых адпаведна месяцам года.

Напэўна, «Роднасць» — адна з найбуйнейшых паэм у беларускай літаратуры, бо саступае «Новай зямлі» Якуба Коласа ўсяго на некалькі сотняў радкоў. 396 старонак і каля 11 тысяч радкоў — вельмі прыстойны памер для паэмы!

Якуб Колас, верагодна, чытаў бы твор Фёдара Гурыновіча з вялікім задавальненнем. Вялікдзень, пасеў бульбы, касавіца, паляванне, грыбы… Аўтар згадвае самыя каларытныя эпізоды вясковага жыцця, захоплена апісвае прыроду, узнаўляе ў памяці любыя абліччы бацькоў, бабулі, дзеда.

Адступленні ад галоўнай лініі таксама здараюцца. Так, твор пачынаецца размовай са снежнем, апошнім часам не вельмі шчодрым на снег, і апісаннем навагодняга застолля. Але ўзрушана пералічаныя масліны, ростбіф і зразы менш вабяць паэта, чым самагон ці парэзанае белымі клавішамі сала з крупчастай соллю, якім прысвечана па некалькі старонак.

«Роднасць» — аповед пра сялянскі побыт, святы і цікавыя здарэнні, абсалютна эпічны твор. Тут няма прэтэнзіі на высокую паэтычнасць, затое аўтар любіць пажартаваць і імкнецца як мага больш ярка ды дасціпна апісаць найлепшыя гады свайго жыцця. Паэма чытаецца лёгка і стварае пазітыўны настрой. Жыць на вёсцы зусім не сумна, калі маеш вялікую добрую сям’ю і ахвоту да працы! Многія беларусы, равеснікі Фёдара Гурыновіча, з задавальненнем згадалі б разам з ім час вясковага дзяцінства ды юнацтва, калі б, вядома, мелі большую ахвоту да чытання паэзіі… Калі паэт — шахматыст Аўтар. Змітрок Марозаў, стваральнік першага ў беларускай літаратуры вянка вянкоў санетаў. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, працаваў аграномам на Магілёўшчыне, у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, у Міністэрстве гандлю. Кніга. «Мне Богам дадзена Радзіма» — зборнік, які змяшчае каля сямісот вершаў (пачынаючы з 1979 года), паэму, шэсць вянкоў санетаў, вянок вянкоў санетаў «Апакаліпсіс душы» (1990). Каб напісаць вянок вянкоў санетаў, трэба быць не толькі лірыкам, але і добрым шахматыстам: уяўляць складаную камбінацыю і вынік партыі на чатырнаццаць ды нават дзвесце дваццаць пяць крокаў наперад. Вянок вянкоў санетаў — гэта складаная сістэма, таму чытаць пятнаццаты санет у магістральным вянку немагчыма без захаплення. Змітрок Марозаў — паэт заўсёды ўзрушаны і ўсхваляваны. Да якой бы тэмы ні звяртаўся творца (пакінутая вёска, незваротнае дзяцінства і юнацтва, каханне, праблемы сучаснага свету), ён абавязкова піша пра супярэчнасці, кантрасты, змены, часта згадвае і каменціруе словы-запаветы старэйшых людзей. Калі паэт спрабуе акінуць позіркам эпоху, то заўвагі і высновы становяцца не вельмі арыгінальнымі. Больш імпануюць вершы пра блізкае — вёску, сям’ю, суседзяў, працу. Здавалася б, простыя радкі кранаюць тугой па вёсцы, дазваляюць уявіць самотную, ціхую Беларусь, дзе так мала вясёлых сустрэч, як толькі пакінеш горад: «Зачараваная прырода. / Спавіты сном дрымотны сад… / Якая ціш наўкол і згода, / Як гэты сад мне сёння рад! / Перабудовы абмінулі /Забыты ўсімі хутарок… / І стогадовая бабуля / Пытаецца: «Ты чый, сынок?…»».

Юлія ШПАКОВА

«ЛіМ» №33-2016

Цар Баравік ды Кот без ботаў

Аўтар. Генадзь Аўласенка больш за дваццаць гадоў працаваў настаўнікам хіміі і біялогіі. Сёння яго імя ведае кожны чытач «Бярозкі», «Вясёлкі», «Рукзачка». Генадзь Пятровіч піша вершы, п’есы, казкі, апавяданні. Адзін з яго самых вядомых героеў — нядрэнны, але гультаяваты і схільны да шкодных звычак Вася Лайдачкін, з якім здараюцца казачныя гісторыі.

Твор. «Прыгоды Васі Лайдачкіна» запрашаюць у краіну казак, царства грыбоў і краіну шкодных звычак, а таксама змяшчаюць вясёлыя гісторыі пра сяброў галоўнага героя. Цар Баравік і Кот без ботаў, Здаровы Лад і Цыгарэта Нікацінаўна, іншапланецяне і школьныя адзнакі — кніга з такімі персанажамі будзе цікавай і карыснай. Тым больш што Генадзь Аўласенка любіць жартаваць ды здзіўляцца. Вершы-гумарынкі, загадкі, небыліцы сабраны ў кнізе «Верш, дзе ўсё наадварот», якая ўздыме настрой бацькам і дзецям і заахвоціць да сямейнага чытання на беларускай мове. Творы нашых сучасных паэтаў такія ж дасціпныя ды вясёлыя, як у класікаў дзіцячай літаратуры. Галоўнае — знайсці сваю кнігу і разгарнуць яе на шчаслівай старонцы!

Ідэальны сын

Аўтар. Алесь Карлюкевіч — пісьменнік, ініцыятар шматлікіх культурных праектаў.

Твор. «Падарожжа паштовай маркі» — новая сустрэча з хлопчыкам Максімам — героем кніг «Крыніца паноў Ельскіх» і «Як Жаўна лясным жыхарам кватэры будавала». Максім разам з бацькам захапляецца філатэліяй і, дзякуючы паштовым маркам, знаёміцца са спадчынным прынцам Эфіопіі, а потым здзяйсняе падарожжа ў далёкую афрыканскую краіну. Дапамагае калекцыянеру маленькі чарадзей Паштавік. Максім — цудоўны хлопчык, мець такога сына мараць усе бацькі. Паслухмяны, вытрыманы, спакойны, а галоўнае — вельмі дасведчаны. Кожнае дзівоснае здарэнне каштуе для героя тры адказы на складаныя пытанні — таму аповесць атрымалася надзвычай пазнавальнай. Дзякуючы кнізе, можна даведацца пра незвычайныя помнікі, пра сенсацыйную перамогу ўругвайскіх футбалістаў на Алімпіядзе 1924 года, пра час, калі кактусы каштавалі на вагу золата. А яднае Беларусь і Эфіопію зграбная прыгожая птушка. Здагадайцеся, якая? Аўтар затрымліваецца на многіх сур’ёзных рэчах: службовы этыкет, знешняя палітыка… Як вучыць хлопчыка старэйшы сябар-філатэліст, непаразуменні — не нагода для спрэчкі, а магчымасць умацаваць добрыя адносіны праз выяўленне павагі і добразычлівасці да апанента. Максім на дзіва выдатны дыпламат — далей справа за маленькім чытачом.

Юлія ШПАКОВА

Недзіцячыя пытанні

Аўтар. Сяргей Клімковіч пачынаў з аповесцей дакументальна-дэтэктыўнага кірунку. Скончыў Літаратурны інстытут імя Горкага, вёў на беларускім радыё літаратурна-музычную праграму «Музыка і пачуцці». Сёння працуе ў жанрах гарадскі раман, дэтэктыў, меладрама і проза для дзяцей.

Твор. «Таямніца кватэры № 8», першы твор Клімковіча для дзяцей, — тэтралогія, якая ўключае ў сябе кнігі «Шар Адказаў і Навальнічная Дама», «Бурштынавы Пярсцёнак і Першакніжнік», «Залатая Манета і Кароль Люмітаў» і «Ключ Ад Усяго і Чараўніца Геката». Са складанымі і рызыкоўнымі задачамі спраўляюцца дзеці: тры героі шукаюць ключ, які не толькі адчыняе любыя дзверы, але і раскрывае таямніцы чалавечай душы. Ёсць і антыгероі, што стварае сюжэтнае напружанне, выклікае ў чытача суперажыванне. Аўтар зазначае, што ілюстрацыі ў кнігах «мульцяшныя», і шрыфт вялікі, але гэта мала гаворыць пра змест: насамрэч, пытанні паўстаюць вельмі сур’ёзныя.

Просім да стала!

Аўтар. Вольга Савасцюк 30 гадоў прысвяціла журналісцкай працы. Але яшчэ раней пачала пісаць вершы. Пазней з’явіліся і творы для дзяцей, якія склалі на сёння чатыры кнігі. Апошняя з іх, «Юлін рэстаран», намініруецца на Нацыянальную літаратурную прэмію.

Твор. Кнігу склалі папулярныя ў дзіцячай літаратуры жанры — вершы, загадкі і казкі. Якраз вершаваная казка і дала назву кнізе. Яе галоўная гераіня Юля вырасла ў горадзе, на лета яе адправілі ў вёску да бабулі. Дзяўчынка, пазбаўленая звыклага асяродку, сумавала нядоўга: на бабуліным падворку, для яго чатырохногіх і крылатых жыхароў, Юля адкрыла рэстаран. Адточаны рытм і арыгінальны сюжэт робяць казку лёгкай для чытання, запамінальнай. Адметна, што Вольга Савасцюк, як і яе маленькая гераіня, ставіцца да задумы сур’ёзна, паважаючы дзіцячыя гульні. Для аўтара дзіця — самастойная асоба, творца. Акрамя таго, спадарыня Вольга зрабіла ўдалы ход — змясціла ў кнізе загадкі пра салодкія прысмакі. Тэмы вершаў таксама блізкія кожнаму дзіцяці: школа, назіранні за прыродай, летнія забаўкі, знаёмства з жывёльным светам.

Наста ГРЫШЧУК

«ЛіМ» №35-2016