На заходніх рубяжах краіны
Ужо звыш пяці гадоў працягваюцца шэфскія сувязі паміж творцамі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і 12-й пагранічнай заставай. У свой час было заключана адпаведнае пагадненне паміж Мінскім аблвыканкамам і Дзяржаўным пагранічным камітэтам Рэспублікі Беларусь, пасля чаго паэты, пісьменнікі прысталічнага рэгіёна штогод высаджваюць творчы дэсант на Гродзеншчыну, наведваюць згаданую вышэй і іншыя пагранічныя заставы. Мэта падобнага супрацоўніцтва такая: літаратары знаёмяцца са службовымі буднямі, бытам пагранічнікаў, збіраюць матэрыял для напісання вершаў, нарысаў, песень, іншых твораў пра сучасную беларускую граніцу. У час такіх паездак праходзяць сустрэчы з ваеннаслужачымі, якія маюць магчымасць убачыць і пачуць прадстаўнікоў сучаснай беларускай літаратуры, задаць ім пытанні.
13-14 мая адбылася чарговая вандроўка творцаў на заходнія рубяжы нашай краіны.
На заставе “Лясная”
Аўтамабіль дзяржаўнага пагранічнага камітэта, вырваўшыся з абмежаванай светлафорамі ды іншымі сталічнымі перашкодамі прасторы на рэспубліканскую трасу, хутка, як нам падалося, пераадолеў 270-кіламетровы адрэзак дарогі да Гродна. Мы ведалі, што патрэбная нам застава “каля Гродна”, але гэтае “каля” вылілася яшчэ ў добрую сотню кіламетраў. Цяпер наш шлях ляжаў не толькі па роўненькім асфальце, але і па гравійцы, і па вузенькай, дзвюм машынам не размінуцца, лясной сцежцы. Вадзіцель Павел, хлопец з Бешанковіч, для якога такая далёкая паездка ці не адна з апошніх перад звальненнем у запас, раз-пораз пытаў куды паварочваць у старшага групы палкоўніка запасу Аляксандра Сушыцкага.
І вось мы спыняемся перад пастом, які сведчыць: далей – пагранічная зона, без адпаведнага пропуска праход-праезд абмежаваны. Навокал лясы, паўночная ўскраіна Белавежскай пушчы, праз якія і праходзіць граніца. А вось і патрэбная нам застава. Перад уваходам у будынак дзве шыльды. Адна з іх сведчыць, што тут размешчана пагранічная застава “Лясная” такой-та вайсковай часці, а другая паведамляе: указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 сакавіка 2011 года 12-й заставе прысвоена імя Героя Савецкага Саюза генерал-лейтэнанта Д. Казакевіча. Побач – яго бюст.
Хлопцы ў зялёных берэтах
Нас сустракае выконваючы абавязкі начальніка заставы лейтэнант Дзяніс Каханоўскі. Малады хлапец, яго аднагодкі дзе-нідзе яшчэ бесклапотна бавяць час па барах, жывуць за бацькоўскія грошы, асабліва не задумваючыся пра будучыню. А яму даверылі граніцу! Нядаўна скончыў юнак Інстытут пагранічнай службы, з ліпеня мінулага года на гэтай заставе. Захоўваючы пэўныя меры перасцярогі (нават пісьменнікам не абавязкова ўсё ведаць!), расказвае малады чалавек пра будні калег. Няпростыя яны ў любога вайскоўца, а тут адказнасць удвая ці ўтрая большая.
Не раз даводзілася па сігнале “Застава ў ружжо!” падымаць на ногі трывожную групу і накіроўвацца на месца парушэння. Нярэдка паступаюць сігналы ад насельніцтва аб з’яўленні ў гэтым пушчанскім краі невядомых падазроных асоб. І ад начальніка заставы, і ад кожнага з гэтых 18-20-гадовых хлопцаў, якім даверылі ахоўваць рубяжы Айчыны, патрабуецца і штохвілінная пільнасць, і ўменне падпарадкаваць любое сваё дзеянне свяшчэннаму абавязку, і спрыт, і смеласць. Кожны сігнал аб парушэнні правяраецца з выхадам-выездам на месца здарэння. Давераны заставе ўчастак граніцы – лясная, балоцістая мясцовасць, з няпростым рэльефам. Пот пастаянных трэніровак, фізічная вынослівасць дапамагаюць пагранічнікам паспяхова спраўляцца з пастаўленымі перад імі задачамі. На іх рахунку затрыманне не толькі выпадковых асоб, што заблудзіліся ў прыгранічнай зоне, але і сапраўдных “перабежчыкаў”, якія мэтанакіравана імкнуліся трапіць у Польшчу, а далей – у іншыя краіны Еўрасаюза ў пошуках “шчаслівай долі”, з іншымі злачыннымі задумкамі. У адным з апошніх выпадкаў падначаленыя Д. Каханоўскага перакрылі шлях для незаконнага перасячэння граніцы прадстаўніку адной з закаўказскіх рэспублік.
– Неяк давялося пачуць: “А навошта вам рызыкаваць сваім жыццём? Гэта ж не да нас, а праз нашу тэрыторыю ў іншыя краіны ідуць зламыснікі, няхай там і непакояцца,” – разважае Д. Каханоўскі. – Але ж мы абараняем граніцу Рэспублікі Беларусь, і мы не можам дапусціць, каб па нашай няўважлівасці ці няздольнасці супрацьстаяць незаконным мігрантам цярпелі суседзі, каб хтосьці стаў сцвярджаць, што наша краіна – прахадны двор. Кожная няўдалая спроба прарыву праз нашу тэрыторыю робяць яе менш прывабнай для нелегалаў.
Выконваючы абавязкі начальніка заставы знаёміць з асабовым саставам падраздзялення. Добрасумленна нясуць службу, з’яўляюцца прыкладам для маладзейшых байцоў старшы сяржант Сяргей Андрончык, сяржанты Аляксей Рындзевіч, Арцём Сцяпанаў, Аляксандр Жукоўскі. Сярод нядаўняга папаўнення стараннасцю ў спасціжэнні армейскіх будняў вызначаюцца радавыя Аляксандр Пачкоўскі, Павел Арловіч. У сакавіку прыбыў на заставу радавы Уладзіслаў Жыгадла, але за яго плячамі ўжо і пэўны жыццёвы вопыт, і вучоба ў Інстытуце журналістыкі. Не ў распалажэнні заставы, а непасрэдна на месцы нясення службы нам дазволілі зрабіць фотаздымак яфрэйтара, старшага важатага Дзмітрыя Судзянкова з сабакам Ішонам і радавога, вадзіцеля Яўгенія Канапелькі.
Дзяніс КАХАНОЎСКІ ставіць задачу Аляксею РЫНДЗЕВІЧУ і Аляксандру ЖУКОЎСКАМУ
У дазоры яфрэйтар Дзмітрый СУДЗЯНКОЎ, радавы Яўгеній КАНАПЕЛЬКА і сабака Ішон
Умець чакаць, умець кахаць
А як жывуць на заставе сем’і пагранічнікаў? Д. Каханоўскі прапанаваў пагаварыць … са сваёй жонкай. Насустрач нам выйшла дзяўчына-прыгажуня. Пазнаёмілася Ганна са сваім будучым мужам гадоў пяць таму, і не ў родным горадзе Смаргонь, адкуль абое родам, а ў Мінску, дзе яна вучылася ў педуніверсітэце, а Дзяніс – у інстытуце пагранслужбы. Разам жывуць другі год.
–У мінулым годзе, перад тым як ехаць на гэту заставу, я, зразумела, ведала, што мяне чакаюць нялёгкія выпрабаванні, — расказвае Ганна. – Тэарэтычна гатова была выконваць ролю кахаючай жонкі афіцэра-пагранічніка, аднак на практыцы ўсё не так проста аказалася. Але нічога, спраўляюся. Галоўнае – мы кахаем адзін аднаго, навучылася я і чакаць, і верыць, і жыць з пэўнымі бытавымі нязручнасцямі.
Жыве маладая сям’я ў доме побач з заставай, дзе акрамя іх яшчэ тры сямейныя пары, у тым ліку і начальніка заставы. Кватэра цёплая, утульная. Але бліжэйшы населены пункт за дзясятак з лішкам кіламетраў, там жа і магазін. На работу (працуе выхавацелем у дзіцячым садку, дадаткова вядзе заняткі па фізкультуры і танцавальны гурток у школе) трэба дабірацца за 15 кіламетраў. Грамадскага транспарту няма. Але галоўнае – жыццё ў пастаянным чаканні. Афіцэраў няшмат, таму дзяжурствы, іншыя службовыя абавязкі вымушаюць часам суткамі не бачыць мужа, нават пра выхадныя дні нярэдка можна забыцца. Дапамагаюць справіцца з сумам уборка ўкватэры, захапленне выпечкай, ды “лепшая сяброўка” сабака Лакі.
І воінам вершы патрэбны
У пакоі для заняткаў пагранічнікі з цікавасцю чакалі выступлення літаратараў. На гэты раз у састаў творчай групы ўвайшлі члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Павел Жукаў з Мядзеля, Леанід Крыванос з Мінска і Віктар Сабалеўскі з Узды. Кожны з іх расказаў крыху пра сябе, хто прыгадаў сваю службу (за плячамі Л. Крываноса, палкоўніка запасу, напрыклад, не адно дзесяцігоддзе на вайсковапй службе, у тым ліку і на граніцы), хто – пра вандроўкі-камандзіроўкі па гарнізонах, хто – пра творчыя дасягненні. Гучалі вершы пра воінскі абавязак, нялёгкія будні пагранічнікаў, іх вялікую адказнасць перад суайчыннікамі, пра выпрабаванні, што выпалі на лёс нашай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Загараліся іскрынкі радасці ў вачах салдат, калі слухалі яны лірычныя радкі пра вясну, прыроду, родныя мясціны, дзяўчат, якія чакаюць іх дома.
Па традыцыі пісьменнікі перадалі вайскоўцам некалькі дзясяткаў сваіх кніг, а таксама творы калег з абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў.
А вечарам таго ж дня нас віталі ў абласным цэнтры, ва ўпраўленні пагранічнай групы. Некалькі дзясяткаў пагранічнікаў заходзілі ў актавую залу засяроджаныя ўласнымі справамі, клопатамі, а праз гадзіну з лішкам пакідалі яе з усмешкамі на твары. Далучыўшыся да ўзораў беларускай літаратуры, атрымаўшы такі нечаканы, няхай і кароткачасовы, адпачынак, яны падраслі духоўна, адчулі, што і сярод суровых армейскіх будняў бываюць хвіліны радасці, інтэлектуальнага разняволення, сустрэчы з цікавымі людзьмі.
Злева направа – члены творчай групы Леанід КРЫВАНОС, Віктар САБАЛЕЎСКІ, Павел ЖУКАЎ і Аляксандр СУШЫЦКІ
Кнігі пісьменнікаў – у бібліятэку пагранзаставы
Ганаровы пагранічнік
Чатырнаццатага мая мы прынялі ўдзел ва ўрачыстым мітынгу з нагоды Дня Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь. Гэтая ўрачыстасць, як і многія іншыя вядомыя даты (9 мая, 22 чэрвеня, 3 ліпеня) у Гродне праходзіць на плошчы, дзе ўстаноўлены манумент савецкім пагранічнікам, узведзены за сродкі, добраахвотна ахвяраваныя пагранічнікамі.
З самай раніцы на плошчу прыбывалі лепшыя падраздзяленні людзей у ваенных строях – пагранічнікі, супрацоўнікі міліцыі, унутраных войскаў, іншых праваахоўных органаў, а таксама ветэраны вайны і працы, прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, школьнікі. Сонечнае надвор’е, прыбраная ў сцягі і транспаранты плошча, музыка духавога аркестра – ўсё спрыяла стварэнню добрага настрою, развіццю духу патрыятызму ў жыхароў і гасцей горада.
Сярод удзельнікаў мерапрыемства заўважаю чалавека сталага ўзросту ў форме палкоўніка пагранічных войскаў, з многімі баявымі ордэнамі, юбілейнымі медалямі. Гэта своеасаблівая візітная картка прынёманскага краю. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы пагранічнік Рэспублікі Беларусь, ганаровы грамадзянін Гродзенскай вобласці Рыгор Ісакавіч Абялеўскі. Вайну ён сустрэў шаснаццацігадовым юнаком у Днепрапятроўску. Рыў акопы, рыхтаваў іншыя абарончыя збудаванні на подступах да роднага горада. Трапіўшы пазней у Сталінград, вучыўся ў ФЗН-3 у цаху, дзе выпускалі міны, снарады. Удзельнічаў у амаль паўгадовай абароне горада на Волзе. На 60 кіламетраў уздоўж ракі расцягнуліся яго вуліцы, у выніку працяглых крывапралітных баёў не засталося цэлым ніводнага дома. А людзі выстаялі. Потым ваяваў сяржант Абялеўскі на Курскай дузе, удзельнічаў у баях за вызваленне Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі.
Пасля вайны Рыгор Ісакавіч скончыў Харкаўскае ваеннае вучылішча МУС, сем гадоў служыў у пагранічнай камендатуры ў Душанбе, пасля на розных пасадах у рэспубліках Закаўказзя. Скочыў вышэйшую школу КДБ, у 1969 годзе прыбыў на пасаду начальніка Гродзенскага пагранічнага атрада. Тут даслужыў да пенсіі. На працягу звыш трыцццаці гадоў былыя воіны аказвалі яму давер узначальваць савет ветэранаў пагранічнай службы вобласці. І сёння гэты паважаны чалавек, якому 92 гады, у страі, сваім прыкладам вучыць моладзь быць патрыётамі сваёй краіны, свята берагчы памяць пра мінулае, надзейна ахоўваць рубяжы Айчыны.
…Мы пакідалі прыгранічны край з пачуццём выкананага абавязку, упэўненасці ў тым, што граніца Рэспублікі Беларусь пад надзейнай аховай. Хлопцы ў зялёных берэтах, учарашнія школьнікі, праходзяць тут сапраўдную мужчынскую школу, выхоўваюцца патрыётамі Радзімы. 28 мая 2018 года на службе ці ўжо ў запасе з фуражкай ці берэтам у руках яны адзначаць стогадовы юбілей пагранічнай службы нашай краіны і з гонарам будуць канстатаваць, што маюць дачыненне да аднаго з самых элітных, запатрабаваных у грамадстве і сапраўдных мужчынскіх родаў войск.
Віктар САБАЛЕЎСКІ