На мове сэрца

Па-сяброўску, па-роднаму цёпла і душэўна прайшла ў Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы творчая сустрэча з паэтэсай-зямлячкай, кіраўніком народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” раённага цэнтра культуры Валянцінай Гіруць-Русакевіч “На мове сэрца”, якая ладзілася ў рамках Дня бібліятэк у Беларусі. У імправізаванай зале гучала паэзія Валянціны Францаўны і песні на яе вершы ў выкананні салістаў РЦК і ўдзельніцы названай творчай суполкі Людмілы Краснадубскай. Шчырыя, кранальныя словы, у тым ліку вершаваныя, сардэчна дасылалі ёй удзельнікі “Руні”, работнікі бібліятэкі, а таксама шаноўная госця гэтага мерапрыемства – член савета Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца” пры Мінскім абланым цэнтры народнай творчасці, таленавітая паэтэса Ірына Карнаухава. Ірына Аляксандраўна таксама парадавала ўдзельнікаў сустрэчы сваімі вершамі і падаравала бібліятэцы ўласныя зборнікі паэзіі.

Адметна, што ў мерапрыемстве прыняў удзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч, які адрасаваў гераіні сустрэчы і бібліятэчным работнікам такія добрыя, удзячна-віншавальныя словы, адзначыўшы надзвычайную важнасць літаратурнага слова для душы кожнага чалавека і непарыўную сувязь і ўзаемазалежнасць стваральнікаў кніг і храма кнігі – бібліятэкі.

У гэты ж дзень у Валожынскай дзіцячай бібліятэцы В.Гіруць-Русакевіч сустрэлася з першакласнікамі СШ №1 г. Валожына. Пасля віншавальных слоў у адрас бібліятэчных работнікаў яна пачытала маленькім наведвальнікам вершы са сваіх кніжак для дзяцей, загадала вершаваныя загадкі, пагутарыла з імі ў даступнай для дзетак форме пра важнасць кнігі, ведання роднай мовы і вучобы ўвогуле.