Мы ганарымся спадчынай сваёй
31 кастрычніка ў Валожынскім раённым цэнтры культуры прайшоў конкурс выканаўцаў твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа “І сёння іх творы надзённа гучаць” (да 135-годдзя з дня нараджэння песняроў), які арганізавалі і правялі ўдзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК (кіраўнік В. Гіруць-Русакевіч).
Пачаўся конкурс песняй “Спадчына” на словы Я.Купалы, якую так прыгожа і пранікнёна выканала салістка РЦК Вера Лявіцкая. У творчым спаборніцтве прынялі ўдзел вучні 11 школ раёна. Са сцэны гучалі патрыятычныя, лірычныя, сатырычныя вершаваныя творы песняроў, некаторыя з якіх былі ўдала інсцэніраваны. Членаў журы і ўсіх, хто знаходзіўся ў зале, уразіла выканальніцкае майстэрства і артыстызм вучняў 9-11 класаў ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Валожына”, якія пад кіраўніцтвам настаўнікаў падрыхтавалі да конкурсу тэатральную пастаноўку п’есы Я.Купалы “Прымакі”.
Прадстаўнікі ўсіх школ, якія прынялі ўдзел у конкурсе, разам са шчырамі словамі падзякі, атрымалі з рук начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В.М.Адамовіча дыпломы розных намінацый: за акцёрскае і сцэнічнае майстэрства, за лепшую інсцэніроўку твора і за лепшую тэатральную пастаноўку, за неардынарны падыход да падбору і выканання твора, за ўдалае раскрыццё тэмы і г.д.
Упэўнены, што падобныя конкурсы далучаюць школьнікаў да спадчыны, вучаць чытаць, разумець і даносіць да іншых неўміручае Слова беларускіх класікаў.