“Мая маленькая радзіма”

“Мая маленькая радзіма”

13 чэрвеня ўдзельніцы народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага цэнтра   культуры паэтэсы Валянціна Гіруць-Русакевіч  і Марыя Шакун наведаліся ў аздараўленчы лагер, які працуе пры ДУА “Яршэвіцкі НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”.

Сустрэча была прысвечана Году малой радзімы і праходзіла ў рамках акцыі “Лета з добрай кнігай”. З цікавасцю слухалі хлопчыкі і дзяўчынкі разважанні пісьменніц пра малую радзіму, падмацаваныя вершамі, дружна адгадвалі іх вершаваныя загадкі.

З падзякай за сустрэчу школьнікі падаравалі паэтэсам-зямлячкам прыгожыя кветкі з роднай зямелькі.

У гэты ж дзень В.Гіруць-Русакевіч і М.Шакун сустрэліся з наведвальнікамі аздараўленчага лагера Ракаўскай сярэдняй школы.

У класе, дзе праходзіла сустрэча, была аформлена выстава ўласных кніг паэтэс і калектыўных зборнікаў, куды ўвайшлі іх творы. Вучаніцы-вядучыя прадставілі шаноўных гасцей, коратка расказалі пра іх творчы шлях. Вершы любові да роднай зямелькі і прыроды гучалі як у аўтарскім выкананні, так і ў выкананні маленькіх чытачоў школьнай бібліятэкі.

Марыя Антонаўна і Валянціна Францаўна гаварылі пра тое, як патрэбна і важна цаніць сваё, роднае, берагчы і шанаваць спадчыну, наш навакольны свет, а таксама пра важнасць кнігі як  мудрага дарадчыка, сабра-ўсяведа, з якім заўсёды і цікава, і пазнавальна, і весела.

На ўспамін аб сустрэчах у абедзвюх школах засталіся калектыўныя фотаздымкі і новая кніга В.Гіруць-Русакевіч “На нітцы часу”.

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.