“Маладыя галасы – 2017”
Падведзены вынікі традыцыйнага літаратурнага конкурсу юных “Маладыя галасы –2017”, які штогод ладзіць народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь” Валожынскага раённага цэнтра культуры пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Сёлета тым, хто толькі спрабуе сябе ў паэзіі і прозе, прапаноўваліся наступныя тэмы: “Мы ганарымся спадчынай сваёй, яе шануем і адданы ёй” (да 135-годдзя Я.Купалы і Я.Коласа), “Роднай прыроды фарбы і мелодыі”, “Аповесцю прыгожаю юнацтва” (тэма кахання) і “На жартоўнай хвалі”.
У складзе журы былі прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму, рэдакцыі валожынскай раённай газеты “Працоўная слава”, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Гіруць-Русакевіч і Марыя Шакун, а таксама ўдзельнік “Руні” малады таленавіты паэт Міхась Бацян.
Пераможцы ў кожнай намінацыі атрымалі дыпломы аддзела ідэалагічай работы, культуры і па справах моладзі (за І, ІІ і ІІІ месцы), а ў падарунак – блакноты, з наказам запоўніць іх і творамі наступнага конкурсу. Іх творы будуць надрукаваны ў раённай газеце, прапанаваны ў іншыя выданні.