Літаратурны марафон «Па кроплі лета смакаваць». Віктар Кажура

Літаратурны марафон «Па кроплі лета смакаваць».

Віктар Кажура

ВОСЬ ТАКОЕ ЛЕТА
Чэрвень
Чэрвень у гулі не гуляе,
а ўраджай росціць.
З народнага

Ён няўрымслівы ад веку,
Гэты Чэрвень клапатлівы,
Не дае спаць чалавеку –
На лугі заве і нівы.
Чуеш? Зноў запелі косы:
З году ў год яно вядзецца,
Што ў шырокія пракосы
На расе трава кладзецца.
Сонца днём траву прасушыць,
Вецярок расу абвее,
Гаспадар жа падварушыць –
І ўжо сена зелянее…
Вечар. Воз паўзе бухматы,
Не відаць зусім калёсаў –
Сена свежае дахаты
Гаспадар вязе з пракосаў.
Ліпень
Ліпень пахучы, але даручы.
З народнага

Ранак сонечна-вясёлы –
Загудзелі ў ліпах пчолы,
Так шчыруюць, так лятаюць,
Залацісты мёд збіраюць.
Ліпень вас яшчэ пакліча
У чарніцы і ў суніцы,
У салодкія маліны,
Чарнабокія ажыны.
Завядзе на сховы-сцежкі,
Дзе прыціхлі сыраежкі.
Ды загляне пад сукі,
Дзе сядзяць баравікі…
Ліпень шчодры на дарункі,
На гасцінцы-падарункі.
Толькі Ліпню будзь удзячны,
Пакланіся – ён аддзячыць.
Жнівень
Жнівень сее, жне і косіць –
на стале багацця ўдосталь.
З народнага

Залаты дыван на ніве –
Аж гараць палі,
Працаўнік старанны Жнівень
Крочыць па зямлі.
Жоўта-спелае прыволле
Хіліць колас да зямлі,
На ўмалотнае раздолле
Зноў камбайны паплылі.
Ураджай наўздзіў багаты
Не марудь, а сабірай!..
Першы сноп… Дажынкі… Свята…
Шчодры каравай…
Памочнікі
***
Гулкім стукам па сасне
Дзяцел быццам кліча:
– Падыходзь, брат, да мяне:
Бачу шмат лісічак.
***
Што ж так радасна гудзе
Дружны рой пчаліны?
– З мёдам будзем кожны дзень –
Глянь, што за маліны!
Бяда 

На бульбу зноў усселі каларады
І трушчаць, каты, ажно гай шуміць:
Не страшны ім “Танрэк” ані “Тарнада” –
Хоць ты іх доўбняй, каб навалу гэту збіць.
Ды лебяда з макрыцай твораць справу:
Нібы Антанта, справілі хаўрус…
Ну як знайсці яшчэ на іх управу,
Бо хто ж тады – без бульбы – беларус?
Смага

Падставіў далоні сланечнік-бядак –
У спёку ад смагі млее.
А хмарка жывою вадою ніяк
Праліцца з нябёс не здалее.
Яму б яркай кветкай гарэць на градзе,
Не быць у спякотным палоне…
Чаму ж дождж-жывіца забыў, не ідзе?
Чаму млеюць нівы і гоні?
Прэс-служба МАА СПБ