Літаратурны марафон «Па кроплі лета смакаваць». Фёдар Гурыновіч
Літаратурны марафон «Па кроплі лета смакаваць».
Фёдар Гурыновіч, Салігорск
РАКА ДЗЯЦІНСТВА
У плыткай рэчцы плёскалася лета.
Вада была празрыстай, як сляза.
Выслізгваў промень, ранкам абагрэты,
З аеравага вузкага ляза.
.
Плёс высланы быў сінімі шаўкамі.
Гарлачыкі паблісквалі расой
Лянотна шавялілі плаўнікамі
Сярэбраныя зліткі карасёў.
.
Рабін надрэчных глянцавыя гронкі
Ужо нясмела сталі ружавець.
Быў я ўлюбёны ў гэты жнівень звонкі
І ў рэчку, абмялелую на трэць.
.
Яна ўздыхала неяк па-дзіцячы,
Хавала сарамлівы свой пагляд,
Як быццам знала, што інакшай бачыў
Яе я шэсцьдзясят гадоў назад.
КАЛАСАВІКІ
Рэдкім стаў зязюльчын кліч абманны.
Воблакаў – як на млыне мяшкоў.
Лес спавіты шарсцяным туманам.
Час якраз для каласавікоў.
Набірае сілу ў полі колас.
Грэбні елак – быццам іклы піл.
І скрыпіць сасна, нібыта полаз,
Што пад снегам камень зачапіў.
.
Пахне тут цвілым зляжалым сырам.
Пень старэчы мох аперазаў.
Бор пакінь, бо цёмна тут і сыра.
Паспяшайся ў светлы беразак.
.
Ён такі прыветны і гасцінны,
Цешацца ў ім волкія дзянькі.
Папараць у выразных пласцінах
Тут хавае першыя грыбкі.
.
Вось яны, найлепшыя на свеце,
Цэлых пяць – грыбочак да грыбка!
Замшавымі сонейкамі свецяць
Пругкія іх шапачкі ў руках.
.
Самы меншы – да чаго ж ён гожы,
А залез куды – у самы кут!
Не пацалаваць яго не можаш…
Божа, да чаго ж цудоўна тут!
ЧАЙЧАНЯ
Было мне дванаццаць, і сумна я помню,
Як бег па спякотнаму рыжаму поўдню,
Як ззялі стракозы смарагдавым крыллем.
Калгаснікі луг забалочаны брылі.
Гулялі літоўкі ў сярэбраных росах,
І збітыя травы стагналі ў пракосах.
А мышцы касцоў загарэла ігралі.
І кнігаўка, кружачыся па спіралі,
Крычала,
І крык гэты сэрца мне скоўваў…
Прынёс я для таты абед наш вясковы.
Ён сала закусваў зялёнай цыбулькай,
Пасля сырадоем з бутэлькі пабулькваў.
А луг патанаў у вясёлкавым квеце.
І раптам я нешта жывое прыкмеціў.
І быў утрымацца ад слёз я не ў сілах,
Убачыўшы, што птушаня падкасіла
Каса.
Яно шыйкай адчайна матала,
Парэзанае раўнадушным металам.
Чамусьці я ўзяў бедалагу на рукі,
Як быццам палегчыць мог страшныя мукі.
…Шэсць дзесяцігоддзяў прайшло, а не ўняць мне
Бязмоўныя крыкі таго птушаняці,
І сон мяне часта шчымлівы трывожыць:
Бяжыць па траве чайчанятка без ножак.
СУНІЦЫ
Дзе чмель гудзе, ад мёду п’яны,
Дзе павучок мярэжы тчэ,
Там ягад сонечных духмянасць
Па сцежцы звілістай цячэ.
.
У цені нават, дзе ржавее
Махеравы, пушысты мох,
Суніца ўжо заружавела
На лісціках супольных трох.
.
І з вёскі бліжняе дзяўчынкі
У хустках, кідкіх, быццам луг,
Спяваюць ціхенька аб чымсьці
І ягады бяруць наўкруг.
.
Мігаюць ягады, як знічкі,
І ў кораб падаюць на дно.
Аднак жа зборшчыцы сунічкі
У рот не кінуць ні адной.
.
Кіпіць смала на хвоі; душна,
Нібы суніцы ў карабах.
І цішыню лясную рушыць
Клапотны дзятлаў барабан.
.
І ў мох, спружыністы і рыхлы,
Праменнем збітыя касым,
Ляцяць з вяршынь сасновых іглы,
Як шпількі з дзеўчынай касы.
ПАЛАВІНА ЛЕТА
Быццам бы ў час ранішняй зарадкі,
Лес раскінуў голле ўшырыню.
І зязюльчаня з гнязда заранкі
Выкінула зводную радню.
.
Гэта значыць – палавіна лета.
Слаўкі аб’ядаюцца іргой.
Чабарок, сухі, нібы галета,
З хрумстаннем спружыніць пад нагой.
.
Ласяня да маткі шыю туліць.
Скрыпень ружавее, як пажар.
Рожкі ўжо самцы казуль рыхтуюць,
Каб сваіх супернікаў пужаць.
.
І, зляцеўшы з дрэва без апаскі,
Бусляня гуляе па зямлі.
А ў лугах, купаючыся ў красках,
Мёдам запасаюцца чмялі.
ЛЕТА
Ліхтарам, як жабянятам,
Пакуляцца ў лужах рупіць.
Юны месяц бледнаваты
У ражок адчайна трубіць.
.
Чараўнічымі вірамі
Ён плыве ў світальным небе,
Зоркі шчыра завярае,
Што патухнуць будзе лепей.
.
Што павук развесіў ніці
І чакае ранак толькі,
І што лета ўжо ў зеніце,
Быстрае, як танец полька.
.
З палінялай рэдкай восцю,
Спаласканае расою,
І кароткае, як хвосцік
Палахлівага касога.
.
Што вусамі колас раніць
Васількоў пяшчотных сіньку,
Што паркаль лугоў бяскрайніх
Хутка ляжа пад касілку.