“Лета з добрай кнігай” завітала ў лагер Вілейскай гімназіі №2

Кожны школьны летнік  арганізоўваецца з улікам традыцый калектыва, інтарэсаў вучняў і педагогаў, і таму – адметна. Летні лагер Вілейскай гімназіі № 2 у гэтым плане не з’яўляецца выключэннем. Кіраўніцтва лагера, педагогі кожны год моцна стараюцца зрабіць так, каб выхаванцам было добра, каб кожны чэрвеньскі дзень пайшоў ім на карысць. Адметнасцяў у летняга аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем дзяцей Дзяржаўнай установы адукацыі “Вілейская гімназія № 2” дастаткова. Спынімся на адной з іх. Кожны год лагер, каб было цікава пастаянным наведвальнікам, мяняе агульны накірунак (то ён экалагічны, то турысцка-краязнаўчы, то культурна-забаўляльны…), але трэці год запар нязменным застаецца тое, што самыя старэйшыя выхаванцы могуць, акрамя мерапрыемстваў лагера, працаваць і забаўляцца на пазнавальных заняткі па розных! вучэбных прадметах. Афіцыйна лічыцца, што трэці атрад у летніку Вілейскай гімназіі № 2 – гэта атрад для адораных вучняў.

На працягу некалькіх гадоў праца тэцяга атрада арганізоўвалася так, што мерапрыемствы былі накіраваны на павышанае вывучэнне якога-небудзь аднаго вучэбнага прадмета (часцей – англійскай мовы). Лета ж – пара адпачынку, які часта заключаецца ў разнастайнасці відаў дзейнасці. Англійская мова – гэта добра, але васямнаццаць дзён запар… ды летам! Што таіцца, бываў і перабор. А як жа іншыя вучэбныя прадметы? У гімназіі увогуле многа цікавостак.

Тры гады назад перад адкрыццём гімназічнага летніка адбылася нарада, на якой і вырашылі, зрабіць трэці атрад шматпрофільным. Атрымліваецца, што ў атрадзе ўсе дзеці хоць і самыя старэйшыя ў лагеры, але ўсё ж рознаўзроставыя і стаяць на перакрыжаваннях выбару (10-12 гадоў – гэта якраз час для акрэслівання пазнавальных патрэб), з рознапланавымі інтарэсамі, таму мерапрыемствы профільнага атрада для адораных вучняў сталі мець розную пазнавальную накіраванасць.

Спачатку план работы трэцяга профільнага атрада летніка гімназіі “Сонейка” ў 2016/2017 навучальным годзе прадугледжваў некалькі цікавых дзён, прысвечаных новым інфармацыйным тэхналогіям і вучэбнаму прадмету “Інфарматыка”. Потым ініцыятыву падхапіла настаўнік матэматыкі,  паралельна вяліся заняткі з тымі, каго цікавіла фізіка. Працавалі некалькі дзён педагогі-біёлагіі і хімікі. Безумоўна, гімназісту варта ведаць англійскую мову, быць пісьменным, таму далей у летніку працавалі з вучнямі настаўнікі англійскай мовы, рускай мовы і літаратуры. Педагог-псіхолаг праводзіў спецыяльныя заняткі на развіццё памяці, увагі, лагічнага мыслення. Бібліятэкар гімназіі знаёміла дзяцей з навінкамі літаратуры, праводзіла гульні, конкурсы. Настаўнік выяўленчага мастацтва вучыла выражаць свае думкі на тэму “Мы малюем навуку” сучасна з дапамогай колераў і перспектывы.

І напаследак самае-самае, можа быць, важнае, таму што пра роднае, беларускае. Я, намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце Матусевіч Т.П., заяўляю шчыра, што настаўнік беларускай мовы і літаратуры, пісьменнік Кажура В.В. завяршыў працу профільнага атрада ў летніку гімназіі вельмі дастойна, з харошым патрыятычным пафасам (гэта вельмі важна!) і творчым энтузіязмам.

Пераходзім да падрабязнасцей. 23 чэрвеня 2017 года ў летніку Вілейскай гімназіі № 2 быў яго дзень – дзень працы Кажуры В.В. Пад час назіранняў за ўзаемінамі Віктара Віктаравіча з дзецьмі мне ўзгадалася выказванне рускага журналіста, гісторыка, філосафа 19 стагоддзя М.П. Пагодзіна: “Мова ёсць найкаштоўнейшы скарб народа, першы сродак яго развіцця і залог усіх яго духоўных поспехаў, галоўнае права на славу ў нашчадках”. Цытата 19 стагоддзя, узвышаная, правільная, мне ўспомнілася не таму, што занятак Віктара Віктаравіча быў несучасны, а таму, што пасыл яго вельмі сугучны з сэнсам выказвання М.П. Пагодзіна. “Смела тварыце, дзеці! І на роднай мове пішыце абавязкова! Гэта добра! Мова наша – цуд ад дзядоў! Яна нам патрэбная вельмі!” – пераконваў настаўнік натуральна і нязмушана, праз сваю творчасць.

Месца для правядзення занятка абраў вельмі дастойнае – настаўніцкая– святая святых гімназіі. Стэнды настаўніцкай ужо былі свабодныя ад быту навучальнага года – раскладаў заняткаў і г.д. Затое больш стала выдзяляцца на іх інфармацыя пра найвышэйшыя дасягненні гімназістаў за 2016/2017 навучальны год: рэспубліканскія дыпломы Каўрус Надзеі за перамогу на заключным этапе алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, Кліменак Надзеі і Кабак Валерыі за перамогу на конкурсе работ даследчага характару (да гэтага дасягнення дзяўчат меў непасрэднае дачыненне Віктар Віктаравіч), Ануфрэенка Івана – пераможцы адімпіяды па фінансавай граматнасці. Велічна і цікаўна на вучняў з партрэта, што ад пачатку стварэння гімназіі размешчаны ў аўдыторыі, глядзеў славуты Францыск Скарына.

Усе ўдзельнікі занятка-гутаркі з Віктарам Віктаравічам селі за круглы стол, спачатку нясмела, бо ў настаўніцкую не кожны заходзіў раней. А потым… Потым мільганула думка недаверу: “Мусіць, будзе нецікава… Кніжкі замест футбола?” Хтосьці гэтую думку і выказаў. Але Віктара Віктаравіча гэтым не збянтэжыць J: ёсць час футболу, ёсць час і кніжцы – ўсё трэба. І гутарка палілася спакойна пра родную мову, яе вытокі, потым пра тое, як ствараюцца кнігі, вельмі эмацыйна пра натхненне з жыцця, пра муз – унука Цімошку і ўнучку Ангелінку. Ангелінцы і Цімошку цяпер усе пазайздросцілі, бо дзед у іх Віктар Віктаравіч Кажура – вось які настаўнік і пісьменнік! Цудоўныя кніжкі піша! “Азбука ў вершах і малюнках”, “Паэтычны калейдаскоп”, “Азбукоўнік” і іншыя кнігі пісьменніка гарталіся, чыталіся з іх вершы, загадкі. У Віктара Віктаравіча была і памочніца – унучка Ангелінка, вучаніца 2-ога класа пачатковай школы № 6 г. Вілейкі. Дзяўчынка чытала на памяць дзедавы вершы, а нарэшце і свае. Здзівіла ўсіх моцна. Віктар Віктаравіч вёў гутарку з разлікам на тое, што пасля, у новым навучальным годзе, многія прысутныя паспрабуюць праявіць сябе ў творчасці на роднай мове.

А на футбол таксама паспелі!

Летні аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей “Сонейка” Дзяржаўнай установы адукацыі “Вілейская гімназія № 2” ужо завяршыў сваю працу. Але спадзяёмся, што ў наступным годзе гімназія зноў адкрые летнік, у якім будзе профільны трэці атрад з заняткамі па розных вучэбных прадметах, наведвальнікам якіх Кажура В.В. раскажа пра новае ў творчасці, павучыць пісаць вершы, пагаворыць пра беларускую мову і літаратуру, а іншыя педагогі абавязкова правядуць цікавыя і пазнавальныя майстар-класы, гульні, гутаркі, дыскусіі, нарады і іншыя мерапрыемствы па сваіх вучэбных прадметах.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце

Вілейскай гімназіі № 2 Матусевіч Т.П.

*На фота выхаванцы трэцяга профільнага атрада для адораных па розных вучэбных прадметах вучняў летняга аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем дзяцей Дзяржаўнай установы адукацыі “Вілейская гімназія № 2” пасля занятка з Кажурам В.В. А таксама ўнучка Віктара Віктаравіча Ангеліна (з кнігай аўтарства дзядулі “Азбука ў вершах і малюнках” у руках).