Лета – час пісаць і чытаць вершы

У Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса горада Узда адбылося чарговае паседжанне літаб’яднання “Нёманец”. Мясцовыя пісьменнікі сабраліся разам, каб напярэдадні летніх адпачынкаў і садова-агародніцкіх клопатаў паслухаць вершы і прозу, падзяліцца апошнімі творчымі і сямейнымі навінамі, цікава правесці час.

Віктар Сабалеўскі расказаў аб удзеле ў фінале Міжнароднага літаратурнага конкурса “Славянская ліра-2023”. Галіна Нічыпаровіч агучыла навіну аб спыненні існавання часопіса “Гаспадыня”, з якім шмат гадоў супрацоўнічала. Валянціна Шытыка падзялілася планамі напісання новага рамана. Трэба адзначыць, што Віктар Сабалеўскі, Галіна Нічыпаровіч і Валянціна Шытыка з’яўляюцца членамі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Вольга Бокуць-Чабатарова падзялілася ўражаннямі ад сустрэчы ў Стоўбцах з тамашнім паэтам Уладзімірам Белым, куды трапілі і іншыя члены літаб’яднання. Сваім летнім настроем і творчымі знаходкамі парадавалі калег Тамара Каляда, Ніна Лятун, Алена Дрэка. Галіна Кароль, якая нядаўна папоўніла творчую суполку, прачытала вершы з нядаўна выдадзенай ва Уздзе кніжкі.

Сяргей Васільчук