Лейся, песня майго народа!
Не дзіва сустракаць Год культуры побач з беларускім словам, народнымі традыцыямі і роднай спадчынай! Менавіта так вырашылі зрабіць і вучні ДУА “Бараўлянская гімназія”, запрасіўшы да сябе ў госці беларускага паэта-песенніка Канстанціна Цыбульскага і народны ансамбль песні “Пліса”.
Традыцыйна ў нашай гімназіі адзначаецца Міжнароднае свята роднай мовы, дэкада беларускай мовы, літаратуры і культуры “Сакавіцкія світанкі”, а таксама штогод ладзяцца сустрэчы з творчымі людзьмі нашага краю. 9 сакавіка актавая зала Бараўлянскай гімназіі была напоўнена мелодыяй беларускай народнай песні, але аб усім па чарзе…
Пачаў імпрэзу Канстанцін Цыбульскі са шчырых слоў-зваротаў у адрас прыгожай паловы залы і павіншаваў усіх з Міжнародным жаночым днём і надыходам вясны. “Я вечны парастак Радзімы…” – так Канстанцін Пятровіч звярнуўся і да патрыятычнай тэмы, цытуючы радкі з творчасці ансамбля “Сябры”.
Пасля на сцэне вучні гімназіі віталі ансамбль песні “Пліса” – сапраўдных прыхільнікаў беларускай народнай песні! Канстанцін Герашчанка – кіраўнік ансамбля – сам піша мелодыі і робіць цікавыя апрацоўкі песень. У рэпертуары ёсць шмат музычных твораў аўтарства і Канстанціна Цыбульскага. Загучала “Пліса” сваёй візітнай карткай, як расказалі самі выканаўцы, а менавіта песняй “Я застаюся тут”. Таксама нам пашчасціла пачуць шматлікія песні: “Беларусачка”, “Адпачывайце ў вёсцы”, “Родная хата”, “Лашадачка” і іншыя. Дарэчы, сёння ансамбль “Пліса” – удзельнік раённых і абласных конкурсаў, фестываляў, святаў. Вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. На рахунку калектыва ганаровыя граматы, дыпломы, каштоўныя падарункі.
Асабліва ўразіў вучняў “Сказ пра ката” ў выкананні Канстанціна Пятровіча, які папрасілі прачытаць аўтара гледачы. Падбадзёрыла настрой гледачоў заключная песня-лаўрэат ІХ абласнога фестывалю народнай творчасці “Напеў зямлі маёй” пад назвай “Мая зямля”. Удзячная публіка сустракала артыстаў апладысментамі і сувенірамі, зробленымі вучнямі гімназіі.
Безумоўна, такія сустрэчы будуць не апошнімі, бо менавіта яны набліжаюць вясну, ствараюць непаўторную атмасферу светлых памкненняў, еднасці нашай моладзі з роднай культурай. Лейся, песня майго народа!
Вольга Прыгун