Культуры год – шчырасці кругазварот!
Залатая восень шчодра дэманструе ўраджаі Года культуры. Вось і ў народным клубе кампазітараў і паэтаў “Жывіца” ДУ МАЦНТ адбыўся кастрычніцкі справаздачны канцэрт “Радкамі музыкі і слоў”, які ўсхваляваў і зачараваў душу.
Усё лепшае і шчырае, што нараджаецца ў душах творцаў, у паэтычных словах і кладзецца на музыку, адсейвае нязменны кіраўнік клуба Ірына Карнаухава. Столькі мілагучных радкоў, якія агучаны вядучымі Анастасіяй Швядко і Віктарам Кажурам, як сонечныя ранеты, былі выбраны з вялікага асартыменту рамантычных вершаў паэтаў клуба ў поўнай гармоніі з пачуццёвасцю аб’яўляемых твораў. Самі аўтары на сцэне не былі, але іх творы прагучалі ў канцэрце, і гэта асабліва дорага.
Свае вершы прадэкламавалі са сцэны Анатоль Шкода, Таццяна Цвірка, Бажэна Мацюк, Валянціна Бабко-Аляшкевіч, Таццяна Цвяткова, Валянціна Акулёнак, Марына Шапавалава, Роза Камалава і Дзмітрый Краскоўскі. Цудоўны верш, прысвечаны першай настаўніцы “Здравствуйте, Марья Ивановна”, які вынесла на суд слухача паэтка Алена Радкевіч, расчуліў да слёз, ускалыхнуўшы ў памяці школу і басаногае дзяцінства. Цэлы спектакль тэатра аднаго акцёра адыграў Андрэй Сямёнаў са сваім арыгінальным творам “Любовные истории”.
Усе песенныя творы таксама былі ацэнены слухачамі воклічамі “Брава, біс!”. Парадавалі светлымі мнагаграннымі талентамі паэты, кампазітары і выканаўцы сваіх прыгожых, задорных, задушэўных песень Уладзімір Цанунін, Анастасія Швядко, Галіна Мароз, Валянціна Дзяшчэня, Мікалай Міхайлоўскі. На словы паэтаў клуба з поспехам выконвалі свае песні Таццяна Захарыч, Тамара Кашчэва, Анатоль Мягкі, Валянцін Каваліў і народны калектыў аўтарскай песні “Элегія” пад кіраўніцтвам Т.Захарыч.
Творы сямейнай пары Генрыха і Галіны Кутас хораша дарыла народная студыя эстраднай песні “Імпэт”, якой кіруе Г.Кутас. Аздобіла канцэрт дзіцячай непасрэднасцю песенька “Шалунишки” Дзмітрыя Окунева ў выкананні дзяўчынак Каці Туронак і Дашы Арэхавай.
Заключным акордам свята музыкі і слова стала віншаванне з юбілейнай датай рэдактара народнага клуба “Жывіца” Юрася Нератка, вядомага паэта і сябра Саюзаў пісьменнікаў Беларусі і Расіі.
Штогадовае папаўненне абласнога народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца” ДУ МАЦНТ на новых самадзейных творцаў сведчыць аб невычарпальнай крыніцы народных талентаў Міншчыны, нашага роднага беларускага каларыту.
Тамара Каляда, г. Узда