Круглы стол у Маладзечне
10 кастрычніка ў Палацы культуры г. Маладзечна адбылася сустрэча літаратурна-музычнага аб’яднання “Агмень” з сябрамі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
За круглым сталом сабраліся зацікаўленыя паэты, пісьменнікі, музыканты і мастакі, каб абмеркаваць пытанні і праблемы сённяшняй запатрабаванасці ў развіцці творчага працэсу. На гэтыя пытанні паспрабавалі адказаць госці мерапрыемства: кандыдат гістарычных навук, ваенны гісторык, дацэнт, выкладчык БНТУ, падпалкоўнік у запасе Барыс Далгатовіч, галоўны рэдактар сямейнага журнала “Гаспадыня”, кандыдат філасофскіх навук, лаўрэат Рэспубліканскіх прэмій “Залаты купідон” і прафсаюзаў РБ, абласной літаратурнай прэміі (2015 г.) Зіновій Прыгодзіч, а таксама намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца” ДУ “МАЦНТ”, лаўрэат Мінскай абласной прэміі ў галіне літаратуры (2015 г.) Ірына Карнаухава. Некаторыя пытанні, такія як выпуск дыска і зборнікаў, засталіся адкрытымі, бо на сённяшні дзень абласное аддзяленне не мае сродкаў для іх вырашэння. Аднак госці падкрэслілі, што творчасць кожнага чалавека мае права на існаванне і павінна быць прадстаўлена шырокаму чытачу для падтрымкі як самога аўтара, так і для разумення насельніцтвам сучаснага літаратурнага працэсу.
Кіраўнік “Агменю”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Атрошанка прадставіла відэаролік пра аб’яднанне, а таксама асобна кожнага ўдзельніка, які прысутнічаў на свяце, і дала магчымасць паказаць сваю творчасць словамі і музыкай. Паэтычнымі радкамі падзяліліся Тамара Бярэзіна, Антаніна Рудзь, Святлана Шпакуцкая, Марыя Бельская, Тамара Аўсяннікава, публіцыстыку прадставіў Аляксандр Хазянін, музычныя творы – Дар’я Капцюг, Юрый Бялоў, Сяргей Тамковіч, а таксама цудоўнае трыа “Фіеста”. Сустрэчу аздаблялі карціны маладзечанскай мастачкі Ядвігі Сянько.
У межах мерапрыемства Ірына Карнаухава агучыла новую акцыю “Сямейнае чытанне”, распавяла пра дзейнасць абласнога аддзялення СПБ за час яе працы і прапанавала маладзечанцам актыўна супрацоўнічаць з літаратурным аб’яднаннем Валожына “Рунь” па просьбе яе кіраўніка Валянціны Гіруць-Русакевіч.
Інна Кузіна