Конкурс чытальнікаў “Жывая класіка” ў горадзе Жодзіна
У дваццаці трох раёнах вобласці завяршыўся раённы этап конкурса чытальнікаў “Жывая класіка”. Журы, у якіх прымалі ўдзел пісьменнікі Міншчыны, вызначылі самых лепшых чытальнікаў.
У горадзе Жодзіна майстэрства чытальнікаў паказалі амаль 40 вучняў горада. Напачатку мерапрыемства з прывітальным паэтычным словам і пажаданнем поспехаў у конкурсе выступіла старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святлана Быкава.
Самай вялікай групай сярод удзельнікаў конкурсу была малодшая узроставая катэгорыя – навучэнцы 1-4 класаў. Але трэба сказаць, што “зорачкі” ззялі ў кожнай узроставай групе. Па меркаванні аўтарытэтнага журы, у якое ўваходзілі супрацоўнікі Жодзінскага гарадскога аддзела адукацыі, загадчыкі бібліятэк і пісьменнікі Міншчыны, безумоўнымі лідарамі ў чатырох узроставых катэгорыях сталі вучні школ і гімназій горада: Папенка Дар’я, Міхальцова Вераніка, Валерыя Змачынская і Баранава Вольга.
Трэба сказаць, што сярод вершаў і прозы, якія гучалі са сцэны Цэнтра творчасці і турызму горада Жодзіна, у якім і праходзіў гарадскі конкурс, былі ў асноўным творы на роднай беларускай мове пра малую і вялікую Радзіму, аўтарамі якіх з’яўляюцца вядомыя аўтары: Якуб Колас, Янка Купала, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Пімен Панчанка і інш.
Наступны, абласны, этап конкурсу запланавана правесці 24 мая г.г. у сценах ДУ “Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі”. А самыя лепшыя чытальнікі нашай краіны будуць вызначаны ў пачатку верасня падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці.
Прэс-служба Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі