“Колеры настрою” Таццяны ЦВІРКА. Вершы. “ЛіМ”.

***
Разбудзіў наваколле
дзіўны барабанны дробат.
Чакайма ў гэтым годзе
ўнучачку ці ўнука:
буслы на даху!
***
Туліцца, лашчыцца
вусікамі чэпкімі, касматымі
(увесь свет прыгарнуць гатовая)
ліяна дзявочага вінаграду —
нявінніца.
***
Крэкча-рыпіць старая яблыня:
«Падладзь, спадарку, шпакоўню,
не дай памерці ў адзіноце!»
***
«Томка! Томка!» —
кінуўся гадавалы сыночак
за яркім матыльком.
Вось і назвіска табе,
мятлік-аднадзёнка!
***
Ён маўчыць. Яна маўчыць.
А прастуджанае каханне
чакае,
калі замест ледзянога напою
нальюць яму
гарбаты з мятаю.
***
Колер настрою?
Палыновы.
***
Збегла Зараніца на прыволле.
Уплятае залацінкі свае
ў рамонкі, валошкі, мятлікі —
прыхарошвае перад пачаткам дня:
луг-цырульня