Кітайскім студэнтам ад беларускіх пісьменнікаў
Беларускіх кніг у Кітаі паболела. Ясна, што для маштабаў такой краіны, як Паднябесная, — гэта нават і меней, чым кропля ў акіяне. І ўсё ж… У Кітай для студэнтаў і выкладчыкаў 2-га Пекінскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта адпраўлена партыя з 50 кніг сучасных беларускіх пісьменнікаў.
Такі падарунак зроблены Выдавецкім домам «Звязда» і Мінскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. Шмат хто з аўтараў кніг паэзіі, прозы падпісаў свае зборнікі. Таксама ў падарунак адпраўлены і нумары літаратурна-мастацкіх часопісаў «Полымя», «Нёман», «Маладосць», «Бярозка», «Вожык». Такі збор не выпадковы. Усё ж кнігі — на беларускай і рускай мовах. Адрасаваны яны Цэнтру даследавання Беларусі, які працуе ў 2-м Пекінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.
— Мы рады такому падарунку, — дзеліцца сваімі ўражаннямі выкладчыца ўніверсітэта спадарыня Лю Мяа. — Спадзяёмся, што кола даследчыкаў, проста цікаўных да беларускай літаратуры, культуры студэнтаў і выкладчыкаў стане ў нас дастаткова шырокім. Пакуль што робім першыя крокі ў вывучэнні Беларусі. Дарэчы, натхняе нас на гэта і лёс паважанага перакладчыка славянскіх літаратур Гаа Мана. Нядаўна наведаліся да яго ў госці, занатавалі ўспаміны гэтага ўнікальнага чалавека, творцы, які, між іншым, з’яўляецца і перакладчыкам беларускіх пісьменнікаў Максіма Танка, Святланы Алексіевіч на кітайскую мову. А яшчэ — аўтарам цікавых каліграфічных партрэтаў пісьменнікаў Беларусі: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Навума Гальпяровіча ды іншых.
Сяргей ШЫЧКО
http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/09/36-2015.pdf