Казачныя падарункі для юных чытачоў
У бібліятэцы Мінскага раённага цэнтра культуры прайшла творчая сустрэча з беларускай пісьменніцай Кацярынай Хадасевіч-Лісавой і супрацоўнікамі выдавецкага дома “Звязда”.
Юныя чытачы загадзя рыхтаваліся да сустрэчы, чыталі казкі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. На мерапрыемстве яны з цікавасцю пазнаёміліся з пісьменніцай, даведаліся, як складваўся яе жыццёвы і творчы лёс, з’яўляліся на свет кнігі. Казачніца прыйшла на сустрэчу ў вобразе феі, пра якую напісана ў яе кнігах. Хлопчыкаў і дзяўчынак не пакінула абыякавымі такое яркае, незвычайнае мерапрыемства. Творчасць Кацярыны Хадасевіч-Лісавой пасля асабістага знаёмства выклікала яшчэ большую цікавасць.
Юныя чытачы адзначылі, што яе творы здзіўляюць мноствам незвычайных прыгод, вучаць рабіць дабро, шанаваць сяброўства, берагчы прыроду.
Аўтар пазнаёміла прысутных са сваімі творамі – новай кнігай “Канікулы з прыгодамі”, а таксама папярэднімі выданнямі: “Касмічная адысея хлопчыка Стасіка”, “Казкі Сіняй падушкі”, “Код геніяльнасці”, “Казкі сівой даўніны”, “Казкі Чараўніцы зімы” і іншымі. Аматарам прыгод яны абавязкова спадабаюцца!
Наталля Крыштаповіч
Матэрыял з Мінскай раённай газеты “Прысталічча”