Карані 

        19 лютага гэтага года ў горадзе Круглае Магілёўскай вобласці адбылася сустрэча вучняў гарадской сярэдняй школы №1 з паэткай Святланай Быкавай. Святлана Анатольеўна не першы раз наведала гэты прыгожы, утульны гарадок. У мінулым годзе па запрашэнні Цэнтральнай Круглянскай раённай бібліятэкі яна ўжо двойчы сустракалася з мясцовымі чытачамі. Падчас сустрэч адбыліся прэзентацыі дзвюх выдадзеных пісьменніцай ккніжак: зборніка вершаў “Адлюстраванне” і кнігі казак для дарослых і дзяцей старэйшага ўзросту “О чём молчат Утёсы”.        

DSCN3012Цяпер сустрэча адбылася ў актавай зале школы. Спачатку ўтульная зала напоўнілася вучнямі пачатковых класаў, якія падрыхтавалі паэтэсе сюрпрыз: яны чыталі са сцэны яе дзіцячыя вершы, а потым інсцэніравалі казку пісьменніцы, якая называецца “Сказка о Сорняке”.

Пасля Святлана Быкава чытала дзецям свае вершы на рускай і беларускай мовах, а потым дзеці з азартам разгадвалі яе загадкі.

Старшакласнікі таксама пажадалі пазнаёміцца з творчасцю паэтэсы. На апошнім уроку школьную залу напоўнілі вучні  6-10 класаў, якія з цікавасцю даведаліся пра творчы шлях пісьменніцы, слухалі вершы і казкі для дарослых.

          DSCN3048Шмат вершаў паэтка прысвяціла менавіта гэтаму цудоўнаму куточку роднай Беларусі, бо ў час свайго дзяцінства яна не раз наведвала Кругляншчыну, дакладней вёску Гай, дзе тады жыла яе бабуля. Кругляншчына, як і Заслаўе, дзе нарадзілася паэтэса,  жыве ў сэрцы Святланы Быкавай, і яна лічыць гэтыя прыгожыя мясціны сваёй другой малой Радзімай, а круглянцаў – сваякамі.

Кругляншчыне

 Кругляншчына… Мой любы край!

Старое Радча, Навапруддзе,

Свабода, Галае і Гай –

Мясціны родныя і людзі.

У кожны двор, у кожны дом

Вядуць з мінулага слядочкі:

Жывым прайшліся ланцугом

Па тых шляхах сыны і дочкі.

Перапляліся карані:

Цяпер, у “наццатым” калене,

Якое дрэва ні крані, –

Пад ім – усё мае карэнні.

Кругляншчына! Мой родны край!

У светлых снах мне часта сніцца

Майго дзяцінства вёска – Гай…

Мой корань – у тваёй зямліцы!

 Карані

Карані вы мае, карані…

Вы трымаеце дрэва рода.

І ні больш, і ні меньш, ані –

Вы падмурак майго народа.

Продкі нашы – бацькі, дзяды!

Засталіся нам вашы гоні

І шляхі, на якіх сляды

Ад мінулых часоў – у сёння.

Кожны з вас каранём урос

У глыбіні зямелькі мілай.

І на тых каранях узрос

Беларускі народ-асілак.