…і вожыкі чытаюць!
У жнівеньскім нумары «Вожыка» рэй вядуць паэты. Міхась Мірановіч у «Дачных міранізмах» — пра дачнікаў, якія ўвосень, як журавы ў вырай, выпраўляюцца ў горад. Уладзімір Цанунін падслухаў, на што скардзіўся чарвяк рыбаку…
Рубрыка «Вожык» у асобах» прысвечана згадкам пра вядомага паэтасатырыка Уладзіміра Корбана. З дня нараджэння творцы споўнілася 105 гадоў, ды яго байкі і сёння актуальныя.
«Класікі смяюцца» на гэты раз пад дэвізам «Ні пуху, ні пер’я». Чытач пазнаёміцца з урыўкамі з апавяданняў Астапа Вішні «Паляванне» і «Адкрыццё палявання» ў перакладзе з украінскай Міхася Мірановіча.
Павіншуе «Вожык» шаноўных юбіляраў — аўтара многіх кніг Міхася Сліву, адметнага мастака-карыкатурыста Алега Карповіча, пісьменніка Генадзя Аўласенку.
Назва міні-кніжкі «Хутчэй, вышэй, весялей!», якую чытач атрымлівае «бонусам» разам са жнівеньскім нумарам, прысвечана спорту. Мастакі Алег Папоў, Аляксандр Шміт, Алег Гуцол, Алег Карповіч наглядна прадэманструюць, пра што размаўляюць баксёры, чым пагражае прагляд футбола па тэлевізары з куфлем піва. Літаратары таксама не засталіся «па-за гульнёй». Напрыклад, Уладзімір Скамарох у вершы «Футбольная настальгія» згадаў той час, калі Пракапеня быў мясцовым Марадонам «…і ведаў кожны беларус: Бабруйск — футбольная Сарбона, Пракоп — яе казырны туз».
На апошняй старонцы вокладкі часопіса чытач убачыць фотакомікс пісьменніка Ганада Чарказяна пра тое, як вожык чытае «Вожыка». Не верыце? Хутчэй шукайце жнівеньскі нумар «калючага выдання»!
Юрый ВЯРБІЦКІ
http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/09/36-2015.pdf