І.Муравейка. Званочкі ў блакіце
Выйшла кніга старэйшыны пісьменніцкага цэха Беларусі
У выдавецтве “Мастацкая літаратура” пабачыла свет кніга паэта-франтавіка Івана Муравейкі “Званочкі ў блакіце”.
Болей сямідзесяці гадоў працуе ў нацыянальнай літаратуры член Саюза пісьменнікаў Беларусі Іван Муравейка. Нядаўна ён адзначыў сваё 95-годдзе. Радуе і тое, што сталы ўзрост не памеха для ветэрана ў занятках літаратурнай справай. Вельмі часта выходзяць яго новыя кнігі, перавыдаюцца ранейшыя творы, якія ў большай ступені адрасаваны юнаму чытачу.
Дзве сяброўкі – Лора з Ліляй –
Мячык раз не падзялілі.
Спрэчку пачалі,
Ножніцы ўзялі.
Падзялілі мяч –
І адразу ў плач.
(“Падзялілі”).
Займальнасць, жаданне расказаць у вершах самае цікавае, што падгледзеў пісьменнік у жыцці, — менавіта гэтыя характарыстыкі вылучаюць дзіцячую паэзію Івана Муравейкі. Адчувальна – і ў гэтым пераконвае новая кніга, што паэт уважліва назірае за дзецьмі, часта з імі сустракаецца, умее наладзіць дыялог з хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Таму так пераканаўча, адпаведна жыццёвай праўдзе, ды разам з тым – з гумарам, з высновамі пасля сваіх назіранняў і мастацкага пераасэнсавання, расказвае паэт пра Васілька і тое, як ён урокі вучыў, пра “Федзю – майстра на ўсе рукі”, пра дачушку, якая сябруе з мамінай падушкай… У творах Івана Муравейкі – шмат гісторый. Часам дзіву даешся, як гэта так коратка і лаканічна, ды разам з тым зразумела, даходліва можна расказаць пра розныя з’явы і дзеі.
Некаторыя творы носяць характар вершаваных казак, вылучаюцца сваёй асаблівай драматургіяй. Менавіта такія вершы, як “Для чаго снягір каляровы”, “Як Лістапад зрабіўся Снежнем”, “Тры лыжкі” можна параіць прачытаць бацькам самым маленькім, якія яшчэ не авалодалі граматай, не ведаюць літар, не складваюць іх у словы.
Асобны раздзел кнігі – загадкі. Вось толькі некаторыя з іх: “Ніколі шапкі/ Не здымае/, Бо ні адной рукі не мае”; “На горку цягне іх/ Рыгорка./ Яны ж вязуць Рыгорку/ З горкі”; “Жар-птушка залатая/ Вакол Зямлі лятае./ Ніхто яе не зловіць/ І ў клетцы не ўтрымае”. Адгадкі не падказваю. Хаця ў кнізе напрыканцы яны прыведзены… Ды кніга Івана Муравейкі ёсць у кнігарнях. Будзем спадзявацца, што прыйдзе яна ў хуткім часе і ў бібліятэкі краіны.
Сяргей Шычко
Фота з сайта kurjer.info