І.Карнаухава, М.Шапавалава, Ю.Нераток. Заблытаўся сярод навін
З гумарам пра сумнае
Выданне «Заблытаўся сярод навін…» – своеасаблівы паэтычны альбом, ілюстрацыямі да якога выступаюць арыгінальныя фотаздымкі саміх аўтараў, зробленыя фотамастаком Міколам Ліннікам. Пад навінамі з сусветнай павуціны змешчаны паэтычныя творы – рэакцыі ўдзельнікаў «трыялогу». І рэакцыі, трэба адзначыць, свежыя, цікавыя, а часам і вельмі нечаканыя. Вось, да прыкладу, вядомая навіна: «Легендарный вор стал буддистским монахом». Юрась Неротк смела і дасціпна сцвяржае ў адказ:
Брыльянты не купляюць з мазалёў –
Відаць, пра гэта ведае і Будда.
Таму для пакарання круцялёў
Паслаў да іх з візітам Робін Гуда.
Ці вось яшчэ: «В Калининграде грабитель сломал прохожему пальцы и съел его деньги»:
І рызыкнуў, і зведаў грошай смак –
Бязлітасны сюжэт з жабрацкай долі.
І забываецца пра тое, што няўзнак
Інфляцыя зжырае значна болей. (Ю. Нераток)
Бяруцца паэты і за тэмы вельмі сумныя, нават трагічныя. І тады ўжо не да жартаў… Шчырым спачуваннем поўняцца радкі рэакцыі паэтаў на паведамленне: «В Новополоцке при родах умер младенец, мать винит врачей»:
* * *
Я понимаю мамы боль:
Её малыш родился мёртвым!
И на подушке влажной соль
Горючих слёз…
Весь мир стал чёрным!
И приговор: «Виновен врач!»
(Куда ни кинь – конец известный!) –
Сегодня прозвучит сквозь плач
Той бедной мамы безутешной.
Дай Боже, чтоб утихла боль
И появилось пониманье,
Что каждый исполняет роль –
Свою –
В безбрежном мирозданье… (М. Шапавалава)
…Только с таинством чудным ушла вдруг душа –
Тельце мёртвое тихо лежит, мать страша.
Почему так случилось? За чьи же грехи
Юных – мать и отца – наказали верхи? (І. Карнаухава)
Такім чынам, зборнік «Заблытаўся сярод навін…» – гэта і своеасаблівае асэнсаванне вясёлых, сумных, часам абсурдных навін нашага часу, падвядзенне вынікаў году, і ўнікальная літаратурная з’ява. Паўнавартасныя паэтычныя творы і кароткія вершаваныя каментары ствараюць панарамную карціну мыслення сучаснага чалавека, які намагаецца нешта зразумець у бясконцым інфармацыйным патоку, выдзеліць важнае, лёсавызначальнае, «вывесці мараль». А гумар у гэтай нялёгкай справе – добры дарадца. Умець смяяцца з і сябе, і з сучаснікаў – значыць заставацца жывым, чуйным да зменаў, мець крытычнае мысленне. Таму пажадаем аўтарам праекту не спыняцца на дасягнутым і зноў здзіўляць нас абсягамі творчай фантазіі.
Юлія Алейчанка
Паэтычны трыялог “Заблытаўся сярод навін…”
Паэтычны трыялог “Заблытаўся сярод навін…”. Так называецца калектыўны паэтычны праект, падрыхтаваны трыма аўтарамі – Ірынай Карнаўхавай, Марынай Шапавалавай і Юрасём Нератком. Кніга “Заблытаўся сярод навін…” – нечаканая і новая з’ява ў нашай літаратуры, якую можна аднесці да эксперыментальнай паэзіі. Бо гэты праект з’яўляецца творчым рэагаваннем паэтаў на стужку навін пэўнага прамежку часу.
Да густу прыйдзецца аматарам паэзіі і афармленне, і гумарыстычная інтэрпрэтацыя матэрыялу, і змест зборніка, нягледзячы на тэматычную разнапланавасць знойдзеных у інтэрнэце матэрыялаў. А навін многа. Як, да прыкладу: “На Камчатке открылся снежный отель”, ці “Пингвин ежегодно приплывает за 8 тысяч километров к человеку, который 5 лет назад спас ему жизнь”, ці “В руке бъется чужое сердце. Молодой врач в Марьиногорской районной больнице в одиночку провел сложную операцию”. (Усе 52 знойдзеныя ў інтэрнэце навіны поўнасцю можна прачытаць у канцы зборніка, каб склалася праўдзівае ўяўленне пра кнігу і яе аўтараў).
А тэматычная разнастайнасць патрабавала і жанравай разнастайнасці вершаў-водгукаў: ад высокай грамадзянскай і філасофскай лірыкі да лірычных замалёвак і саркастычна-гумарыстычных вершаў. А “вывад-вынік” Юрася Нератка быў своеасаблівым афарызмам пасля жаночых “охаў-ахаў”: па-мужчынску дакладны, кароткі, часам – жорсткі.
Відавочная двухмоўнасць зборніка. Але гэта – толькі на карысць для шырокага кола чытачоў.
І, нарэшце, хто ж яны, якія “заблыталіся сярод навін”? А проста – харошыя людзі, шчырыя сябры і таленавітыя паэты (ды яны самі раскажуць пра сябе, варта толькі адгарнуць 128 старонку кнігі).
Віктар КАЖУРА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі “Вілейская гімназія № 2”