Год малой радзімы: Пісьменніцкі ўнёсак
Уладзімір Ліхадзедаў – член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Уваходзіць у склад Мінскага абласнога аддзялення СПБ. Адзін з актыўных сяброў секцыі краязнаўства Саюза пісьменнікаў. Аўтар многіх кніг, якія аб’яднаны ў агульную серыю – “У пошуках страчанага”. Кнігі выдадзены ў розных выдавецтвах краіны – “Тэхналогія”, “Рыфтур”, Выдавецкі дом “Звязда”. Кожнае з выданняў пабудавана на прадстаўленні калекцыі старых паштовак, якую У. Ліхадзедаў збірае на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. За сваю грамадскую, збіральніцкую і публіцыстычную дзейнасць Уладзімір Аляксеевіч адзначаны многімі ўзнагародамі.
А сёння, 16 чэрвеня, у Вілейцы ў былым памяшканні мясцовай друкарні, якую для стварэння грамадскага музея выкупіў У. Ліхадзедаў, па вуліцы Вадап’янава, 35 адкрываецца музейная экспазіцыя, якая прысвечана Тадэвушу Касцюшка.
Знакавае імя ў гісторыі Беларусі і суседніх краін, у гісторыі ЗША асэнсоўваецца найперш праз матэрыялы калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава. Вядомы ў краіне і за яе межамі філакартыст сабраў багатую калекцыю старых паштовак, праз якія і раскрывае вобраз знакамітага суайчынніка. Дарэчы,
Уладзімір Ліхадзедаў прысвяціў Т. Касцюшка адну са сваіх кніг, выдадзеную ў згаданай аўтарскай серыі “У пошуках страчанага”. Новая экспазіцыя складаецца з двух раздзелаў. Першы – “Жыццёвы шлях і ўшанаванне памяці Тадэвуша Касцюшкі”. У ім – старыя паштоўкі, друкаваныя матэрыялы і іншыя артэфакты з сярэдзіны XIX – пачатку XX стагоддзяў. Другі раздзел – спроба ўзнавіць інтэр’ер пакоя ваеначальніка, у якім ён жыў у час знаходжання ў ЗША, у Філадэльфіі.
Акрамя таго, у прыватным музеі, які сёння нагадвае дзеючую майстэрню, прадстаўлена выстаўка друкарскага абсталявання XVI – XX стагоддзяў. Жадаючыя змогуць уласнаручна вырабіць ліст паперы па старадаўняй тэхналогіі. А пасля надрукаваць на ім першы ліст Бібліі Францыска Скарыны.
Уладзімір Аляксеевіч Ліхадзедаў паказаў сапраўдны прыклад арганізатарскай ролі пісьменніка ў стварэнні і прасоўванні ініцыятыў па краязнаўчаму, гістарычнаму выхаванню грамадства.
Сяргей Шычко
В творческой мастерской Владимира Лиходедова