“Гаворым па-беларуску” з Лёляй Багдановіч. Сустрэча ў Асіповічах
Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Асіповіцкі дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці” стаў месцам чарговай сустрэчы пісьменніцы з Барысава Лёлі Багдановіч. Сустрэча з самымі маленькімі выхаванцамі і іх бацькамі адбылася ў фармаце “Гаворым па-беларуску”. Выхавальніца садка Таццяна Казлоўская прачытала вершы беларускіх класікаў, вучні музычнай школы выканалі на цымбалах твор “Лявоніха”, а таксама некалькі втораў беларускіх кампазітараў. Лёля Уладзіміраўна пазнаёміла ўдзельнікаў імпрэзы з калектыўным зборнікам “Ад калыханкі да забаўлянкі”, а таксама некаторымі ўласнымі творамі.
Прэс-служба МАА ГА СПБ
АДЗІНАЯ, ЯК МАЦІ! Лёля Багдановіч
Не трэба мовы роднае цурацца –
На покуце ёй месца, ля святых.
Я беларусам маю гонар звацца.
І памятаю продкаў я сваіх.
На мове роднай пела песні маці
І казкі баіла бабуля мне.
Дзяцінства ў вясковай нашай хаце
Дагэтуль прылятае да мяне.
Няхай сабе абутая ў лапці,
Ды зіхаціць, як зорачка, уначы.
Пяшчотная. Адзіная. Як маці!
І мы яе павінны зберагчы.


















