Ганарымся спадчынай сваёй
Нядаўна ў гасцёўні народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” ДУК “Валожынскі раённы цэнтр культуры” прайшла літаратурна-пазнавальная сустрэча для школьнікаў-гурткоўцаў “Вучань Беларускага Дудара”, прысвечаная 150-годзю з дня нараджэння Ядвігіна Ш. (Антона Іванавіча Лявіцкага). Будучы пісьменнік, адзін з першых нарысістаў, паэт у 1870-х гадах жыў у Пяршаях на Валожыншчыне (яго бацька працаваў тут ляснічым графа Тышкевіча), наведваў школку Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Люцінцы. Пад час сустрэчы гучалі ўспаміны з яго “Лістоў з дарогі”, празаічныя філасофскія творы “Васількі” і “Раны”, яго казка з народнага “Хлеб”, а таксама вершы, якія прысвяцілі знакамітаму творцу валожынскія паэты Міхась Курыла і Марыя Шакун. З дапамогай успамінаў яго дачкі Ванды Лявіцкай і верша самабытнага творцы з Пяршаяў Мікалая Ганчарыка паспрабавалі расшыфраваць пісьменніцкі псеўданім Антона Лявіцкага –Ядвігін Ш.. Усе гэтыя творы і ўспаміны агучылі ўдзельнікі “Руні” Кацярына Голуб, Марыя Шакун, Галіна Гражынская, Ганна Канановіч. Многа новага даведаліся у гэты дзень не толькі вучні, але і дарослыя ўдзельнікі сустрэчы.
Валянціна Гіруць-Русакевіч,
кіраўнік народнага літаратурна-
мастацкага аб’яднання “Рунь”