Форум кнігавыдаўцоў прайшоў у Мінску

У сталіцы адбылася юбілейная 10-я Міжнародная канферэнцыя выдаўцоў, паліграфістаў і распаўсюджвальнікаў друкаванай прадукцыі «Новыя выклікі — новыя стратэгіі». На мерапрыемстве, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі выдавецтваў, кнігагандлёвых і паліграфічных прадпрыемстваў, абмяркоўвалі галоўныя трэнды сферы, гаварылі пра яе перспектывы і звярталі ўвагу на існуючыя праблемы.

— Асноўныя гульцы друкаванага рынку ўцалелі і ўмацаваліся за апошнія дзесяць гадоў, — расказала міністр інфармацыі, старшыня Саюза выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку Лілія АНАНІЧ. — Па апошніх дадзеных, цяпер у краіне дзейнічаюць 1 401 пашыральнік друкаванай прадукцыі, 510 выдаўцоў і 423 суб’екты гаспадарання, што распаўсюджваюць прадукцыю друкаваных СМІ. Сёння ёсць неабходнасць абмяркоўваць пытанні якасці выданняў, канкурэнтнасці беларускай прадукцыі на ўнутраным рынку і за межамі краіны. Бачанне праблемы дае магчымасць лепш разумець, як прасоўваць свае інтарэсы.

Канферэнцыю наведала Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аб’яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Фіёна ГІБ. Галоўнай тэмай яе прамовы стаў удзел Вялікабрытаніі ў 24-й Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў статусе ганаровага госця. На гэтым мерапрыемстве будзе працаваць стэнд «Кніга Вялікай Брытаніі». Падчас выставы пройдуць сустрэчы прадстаўнікоў выдавецкай сферы дзвюх краін, лекцыі пра эканамічнае развіццё Вялікабрытаніі, семінары для школьнікаў і выкладчыкаў англійскай мовы. Таксама будуць прадстаўлены пераклады беларускіх твораў на англійскую мову. Важнай падзеяй наступнага года стане святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, удзел у ім возьме і Вялікабрытанія, у прыватнасці, святочныя мерапрыемствы пройдуць у Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францыска Скарыны ў Лондане.

З галоўнымі трэндамі ў кнігавыдавецкай сферы ўдзельнікаў канферэнцыі знаёміў дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ Давід РОТМАН. Паводле яго слоў, вынікі сацыялагічных апытанняў паказваюць некалькі новых тэндэнцый, характэрных менавіта для нашай краіны. Адна з іх — рост цікаўнасці да выданняў на беларускай мове. Гэты працэс, паводле слоў сацыёлага, праходзіць дастаткова павольна, але колькасць зацікаўленых у такіх кнігах стабільна расце. Яшчэ адзін момант, на які не могуць не звяртаць увагі кнігавыдаўцы, — рост папулярнасці электронных выданняў і інтэрнэт-пляцовак, якія гандлююць электронным кніжным кантэнтам. А так званымі «рыдарамі» і іншымі электроннымі сродкамі для чытання ў краіне ўжо карыстаецца каля 30 працэнтаў насельніцтва.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

“Созвучие”