Дзень памяці паэта

14 жніўня, у дзень памяці паэта, музей Якуба Коласа запрасіў на аўтобусна-пешаходную  экскурсію “Мінскія адрасы Якуба Коласа”, якая дапамагае глыбей пазнаць жыццё беларускага Песняра праз падарожжа па мясцінах у Мінску, якія звязаны з яго імем.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, дзе Якуб Колас працаваў больш за трыццаць гадоў, займаў пасаду віцэ-прэзідэнта, Мінскі астрог, у якім на працягу трох гадоў паэт адбываў пакаранне за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, БДУ, дзе з 1923 па 1926 гг. выкладаў дацэнт Канстанцін Міцкевіч, плошча Якуба Коласа, дзе размешчаны  помнік народнаму паэту і героям яго твораў работы Заіра Азгура, дом на Старожоўцы, які сям’я паэта  арандавала з 1921 па 1927 гг. у заможнага гаспадара Вільгельма Русецкага і дзе знакаміты пісьменнік скончыў свае найлепшыя паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, напісаў аповесці “У Палескай глушы”, “У глыбі Палесся”, “На прасторах жыцця”, п’есы, вершы, казкі для дзяцей, шматлікія публіцыстычныя артыкулы, Цэнтральны  дзіцячы парк імя М. Горкага, які знаёміць з даваенным жыццём сям’і Якуба Коласа.

Апошні пункт наведвання — Вайсковыя могілкі, дзе адбыўся памінальны мітынг і ўскладанне кветак да магілы Песняра.

Музей Якуба Коласа