Добрая кніга пачала сваё падарожжа па леце

Добрая кніга пачала сваё падарожжа па леце

Здаецца, зусім нядаўна мы з нецярплівасцю чакалі, калі скончыцца зіма, а сёння чэрвень ужо гасцінна расчыніў дзверы ў лета.

Доўгачаканая пара летніх канікул дае магчымасць для новых сустрэч вучняў школ з цікавымі людзьмі, у тым ліку і пісьменнікамі. Пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення штогод актыўна карыстаюцца гэтай магчымасцю і з задавальненнем ладзяць сустрэчы з выхаванцамі дзіцячых прышкольных летнікаў.

У панядзелак, 4-га чэрвеня, загадчыца Заслаўскай дзіцячай бібліятэкі Грыгор’ева Наталля Віктараўна гасцінна запрасіла вучняў 3-4 класаў Заслаўскай сярэдняй школы №2, якія прыйшлі на сустрэчу з дзіцячымі пісьменніцамі Святланай Быкавай і Таццянай Дашкевіч.

Святлана Быкава сваё выступленне пачала са знаёмства юных чытачоў з новым дзіцячым калектыўным зборнікам Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”,  які называецца “Ад калыханкі да забаўлянкі”, аўтарамі якога сталі 25 пісьменнікаў Міншчыны, у тым ліку і дзве вышэй названыя госці.

Потым Святлана Анатольеўна крыху расказала прысутным пра сябе і прадставіла сваю творчасць. Дзеці ўважліва слухалі яе вершы, а пасля вельмі актыўна разгадвалі загадкі, якія яна чытала са зборніка “Ад калыханкі і забаўлянкі”, а таксама са сваіх асабістых дзіцячых кніжак. Самыя актыўныя юныя слухачы атрымалі ад яе невялікія падарункі.

Яшчэ адна вядомая пісьменніца Міншчыны Таццяна Дашкевіч прыехала на сустрэчу з гітарай, сваімі дзіцячымі кніжкамі і песеннымі дыскамі. Яна прачытала прысутным шмат сваіх вершаў з калектыўнага дзіцячага зборніка “Ад калыханкі да забаўлянкі”, а пасля пад гітару выканала для маленькіх удзельнікаў мерапрыемства некалькі песень. Падчас імпрэзы яна распачала з дзецьмі дыялог пра іх захапленні. Даведаўшыся пра тое, што некаторыя з іх спрабуюць пісаць вершы, яна нават правяла з імі своеасаблівы літаратурны “лікбез”.

Напыканцы мерапрыемства ўсе яго ўдзельнікі, як маленькія, так і дарослыя, выказалі ўдзячнасць Святлане Быкавай і Таццяне Дашкевіч за сустрэчу, а юныя чытачы запэўнілі, што абавязкова будуць наведваць бібліятэку і чытаць кніжкі.

Прэс-служба Мінскага абласнога аддзялення ГА СПБ

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.