Цімкавіцкія вытокі – 2024
На радзіме вядомага пісьменніка Кузьмы Чорнага ў вёсцы Цімкавічы Капыльскага раёна 8 чэрвеня адбылося чарговае літаратурна-музычнае свята “Цімкавіцкія вытокі”.
Свята ладзіцца трэці год запар Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры ў філіяле “Літаратурны музей Кузьмы Чорнага”. Суарганізатарамі выступаюць Капыльскі райвыканкам і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Музейную дэлегацыю ўзначальваў дырэктар установы Уладзімір Усік. Капыльскі раён прадстаўляла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Юхо.
Пачыналася свята з урачыстага мітынга каля помніка загінулым воінам-пагранічнікам 17-га чырвонасцяжнага пагранічнага атрада і ўскладання кветак да манумента. У мясцовай царкве адбыўся малебен, а каля цэнтральнай плошчы – пасадка туй.
Актыўны ўдзел у мерапрыемствах прынялі пісьменнікі Мінскага абласнога аддзялення СПБ. Старшыня аддзялення Леанід Крыванос, як член журы творчага конкурса «Родныя мае мясціны…» на галоўнай пляцоўцы ўручыў узнагароды пераможцам у намінацыі «Літаратурная творчасць». Мясцовай школе быў падораны альманах “Граница литературная”, раённай музычнай школе – зборнік песенных твораў пісьменнікаў Міншчыны “Радзімы песенныя сцежкі”, а раённай бібліятэцы – зборнік “Званоў перазвон”, прысвечаны 80-годдзю Хатынскай трагедыі. Дэлегацыя літаратараў вобласці, у якую ўвайшлі Рагнед Малахоўскі, Аляксандр Быкаў і Тамара Бярэзіна, выступіла з паэтычнымі творамі перад гасцямі свята ў літаратурным музеі Кузьмы Чорнага. Запрошанымі гасцямі былі таксама вядомыя пісьменнікі Віктар Шніп і Людміла Рублеўская, літаратары са сталічнай і гродзенскай пісьменніцкіх арганізацый.
Для мясцовых жыхароў і гасцей “Цімкавіцкіх вытокаў” была арганізавана вялікая канцэртная праграма, экскурсіі па музеі і традыцыйнае чаяванне “Каля самавара Кузьмы Чорнага”, гульні, майстар-класы, мноства інтэрактыўных пляцовак і фотазон.
Прэс-служба МАА СПБ