“Цімкавіцкія вытокі” – 2023
24 чэрвеня ў аграгарадку Цімкавічы Капыльскага раёна адбылося свята “Цімкавіцкія вытокі”, прысвечанае дню нараджэння вядомага беларускага пісьменніка Кузьмы Чорнага. Цімкавічы – гэта мястэчка, дзе яшчэ малады Мікалай Раманоўскі зрабіў свае першыя крокі ў вялікую літаратуру.
Цімкаўляне пяшчотна зберагаюць памяць пра свайго знакамітага земляка. Тут дзейнічае адзін са старэйшых літаратурных музеяў Беларусі – Літаратурны музей Кузьмы Чорнага (філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры). Імя пісьменніка носіць мясцовая сярэдняя школа. І вось ужо другі год запар у Цімкавічах раённыя ўлады сумесна з музеем ладзяць свята ў гонар літаратара. Адметна, што ў гэтым годзе ўдзел у мерапрыемствах прыняла дэлегацыя Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ў складзе старшыні аддзялення – Леаніда Крываноса, паэта Рагнеда Малахоўскага і паэтэсы-барда Мырыны Лайковай.
Падчас літаратурна-музычнага свята дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік і старшыня абласнога аддзялення СПБ Леанід Крыванос правялі цэрымонію ўзнагароджання пераможцаў раённага літаратурна-мастацкага творчага конкурсу “Кожны чалавек – гэта цэлы свет”. Л. Крыванос у сваёй прамове падкрэсліў, што 2023 год – гэта своеасаблівы юбілей у творчасці Кузьмы Чорнага. Сто гадоў таму ў газеце “Совецкая Беларусь” пад такім псеўданімам пачынаючы пісьменнік Мікалай Карлавіч Раманоўскі ўпершыню надрукаваў у рэспубліканскім выданні сваё першае апавяданне “На граніцы”. Леанід Міхайлавіч расказаў, што частку сваёй літаратурнай творчасці, як былы пагранічнік, прысвячае тэме дзяржаўнай мяжы і службе на ёй. Па даручэнні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта выступоўца падарыў Цімкавіцкай сярэдняй школе памятны сувенір, а таксама сваю новую кнігу “Судьбой повенчаны с границей”.
Госці свята былі ўражаны канцэртам прафесійных і мясцовых аматарскіх музычных калектываў. Рагнед Малахоўскі чытаў наведвальнікам свята свае вершы, Марына Лайкова выканала некалькі аўтарскіх песень. Пасля гэтага адбылася змястоўная экскурсія па музеі Кузьмы Чорнага.
У наступным годзе “Цімкавіцкія вытокі” пройдуць зноў. Яны будуць прысвечаны не толькі Кузме Чорнаму, але і юбілею вёскі.
Рагнед Малахоўскі,
фота аўтара