К. Хадасевіч-Лісавая. Казкі чараўніцы Зімы
«Гэтая кніга чароўная!» — вось так адразу, без хітрыкаў, абяцае анатацыя новага выдання для дзяцей «Казкі чараўніцы Зімы», што з’явілася ў Выдавецкім доме «Звязда». Аўтар, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, прапануе паразважаць на тэму чароўных падзей напярэдадні адной з самых шчодрых на казачны настрой пор года. Зіма зусім хутка. Будзьце гатовыя, чытачы!
Тры казкі, верш і навагодняя быліна — вось такая «кампанія» размясцілася пад вокладкай невялікай, але вельмі ўтульнай кнігі. Чаму ўтульнай? Справа ў тым, што, як толькі яе адкрываеш, адразу захапляешся атмасферай, і хочацца выйсці на двор, з грукатам і смехам скаціцца з вялізнай горкі на імправізаваных санках, запхнуць сябру за шыварат снегу, а потым, калі ногі зусім стомяцца ад даганялак, стварыць унікальны шэдэўр з раскіданага наўкол белага халоднага цукру…
Сустракае чытачоў казка пра Жужыка, Харошку і Новы год. Дзеянне адбываецца ў адным утульным куточку беларускага краю, дзе размясціўся вельмі прыгожы ельнік з іглістымі, стройнымі і пышнымі красунямі, дзе вараць каву з жалудоў і засынаюць па прыродным гадзінніку… Адзін з цэнтральных персанажаў твора — малады Лесавічок, якому зусім нядаўна даручылі даглядаць цудоўны куточак лесу, падтрымліваць парадак і клапаціцца пра кожную елачку… А тут Новы год — і зусім не свята для іх, а небяспека. «Пабачыўшы бліскучыя цацкі, серабрысты дожджык і цукеркі ў каляровых абгортках, якія віселі на іх калючых лапках, елачкі радаваліся такой казачнай прыгажосці, але з цягам часу радасць змянялася сумам: галінкі пачыналі апускацца, ападалі іголкі і жыццё пакідала маленькае дрэўца…». Не турбуйцеся, усё скончыцца добра. На злодзеяў з сякерамі знойдзецца ўправа. Але гэта ў аповесці, а ў жыцці? Аўтар яшчэ не раз у кнізе заклікае чытачоў шанаваць і берагчы прыроду, зразумець, што дрэвы — такія ж жывыя, як і кожны з нас!
Гартаючы выданне, раптам сустракаешся з Дзедам Марозам. Сапраўдным. Вось так, сам-насам. Дык існуе ён ці не? Пісьменніца дае разгорнуты адказ на гэтае пытанне… Распавядае аўтар і пра хлопчыка Васіля з пасёлка Сасноўка, які выратаваў яшчэ адну зялёна-блакітную прыгажуню з дапамогай незвычайнага прыстасавання. Лесвіца-драбінка, рыдлёўка, бервяно і дзве старыя прасціны дапамаглі яму акурат напярэдадні навагодняй ночы схаваць елачку так, што нават самы «прадвінуты» злодзей яе не знайшоў.
А лісты Дзеду Марозу спрабавалі пісаць? Не на камп’ютары, а сапраўдныя — на белай паперы. Арцём, як сучасны хлопец, таксама не верыў, што той, хто ходзіць у доўгім чырвоным халаце з вялізнай белай барадой і мяшком за плячыма, існуе. Але пад Новы год здараецца цуд, якога чакае ўся сям’я — дзякуючы маленькай сястрычцы, што прапануе звярнуцца да спадара Мароза, а паштальёнам прызначыць… снегавіка, які стаіць у двары! «Верце ў казку, сябры, і тады аднойчы вы зможаце стаць галоўнымі яе героямі».
Марыя ВОЙЦІК
http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2015/11/47-2015.pdf


















