Без Радзімы – немагчыма

“Міншчына – ты ў сэрцы Беларусі” – так называлася свята сучаснай паэзіі і прозы, што прайшло 15 лістапада ў Дзяржынскай цэнтральнай бібліятэцы і было прымеркавана да 80 годдзя сталічнай вобласці і 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. У цёплай сяброўскай сустрэчы ўздзенскіх і дзяржынскіх літаратаў (а яны ўжо сталі традыцыйнымі і кожны раз збіраюць усё новых прыхільнікаў прыгожага пісьменства) незаўважна прабеглі тры з лішкам гадзіны.

Спачатку госці пазнаёміліся з экспанатамі выстаўкі старадрукаў (рарытэтныя кнігі, выдадзеныя на працягу трох апошніх стагоддзяў) і выстаўкі падзелак маладых інвалідаў і наведвальнікаў аддзялення дзённага прабывання людзей пажылога ўзросту, што наладжана ў рамках праекта “Тэрыторыя творчасці”. Потым прысутных павітаў … сам Францыск Скарына, павіншаваў удзельнікаў сустрэчы са святам, пажадаў плённай працы, раздаў лісточкі, на якіх кожнаму неабходна было напісаць свае мары і замацаваць іх да “Дрэва жаданняў” – і мары збудуцца. Сярод такіх мар-пажаданняў былі і такія: выдаць новую кнігу; часцей сустракацца з сябрамі; здароўя родным, блізкім, усім добрым людзям; не губляць у нашым тлумным свеце дабрыню, прыстойнасць, пачуццё чалавечай годнасці…

І вось творцы расселіся за “круглым сталом”, падрыхтаваўшы свае кнігі, блакноты і лісты з вершаванымі і празаічнымі радкамі для выступленняў. Але спачатку ўжо вопытных і пачынаючых літаратараў прывітала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзяржынскага райвыканкама Наталля Сінюковіч. Ад імя дэлегацый абмяняліся сувенірамі дырэктары цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм Валянціна Клімовіч і Аксана Драчан. Уздзенцы атрымалі ў падарунак вечны каляндар у стылі скарынаўскай эпохі, а гаспадары сустрэчы – многае з таго, што можна было знайсці ва ўздзенскіх крамах пад маркай “Мінскі, мінская”.

А пасля ўладаркай залы стала Яе Вялікасць Літаратура. Як і варта было чакаць, тон у размове задавалі ўжо прызнаныя майстры слова – члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Рэгіна Рэўтовіч, Людміла Круглік, Барыс Савінаў, Галіна Нічыпаровіч, Зоя Калкоўская, Віктар Сабалеўскі. Цікавымі паэтычнымі і празаічнымі знаходкамі, трапнымі вобразамі, нечаканымі сюжэтнымі паваротамі парадавалі калег Валянціна Шытыка і Ядвіга Доўнар, Тамара Каляда і Антон Анісовіч, Ніна Лятун і Тамара Кашчэва, Паліна Кучук і Ала Дзікая, Вольга Бокуць-Чабатарова і Уладзімір Шымановіч, Наталля Лебядзеўская і Ала Пузіноўская, Андрэй Акімаў і Лявон Целеш…

Гучалі вершы, песні, лірычныя замалёўкі, байкі, гумарэскі, урыўкі з празаічных твораў, у якіх апявалася прыгажосць маляўнічых мясцін Міншчыны, выказваліся словы прызнання ў любві да Радзімы, праслаўляліся лепшыя чалавечыя каштоўнасці. Цудоўным падарункам і найлепшай памяццю пра сустрэчу стане сумесны зборнік членаў паэтычнага клуба “Выток” (Дзяржынск) і ўздзенскага літаб’яднання “Нёманец”, аснову якога складуць агучаныя ў той дзень творы. Напэўна, будуць там і такія радкі:

На кірмашы жыццё вірам кіпіць,

Не акінуць тавараў вачыма.

На кірмашы усё можна купіць,

А Радзіму купіць немагчыма…

Віктар Сабалеўскі