Бажэна Мацюк. Вершы

***
А я нічога і не ведаю пра нас,
Бо мы – набор нявыказаных фраз,
Канструктар без інструкцый і ключоў,
Імгненне між нанова ды ізноў.
Праз боль і сум, нам дадзеныя звыш,
Не ведаю, пра што ты прамаўчыш,
Што скажаш пра прызначаны нам лёс,
Адчуеш на мяжы нябачных слёз.
За кожны дзень, пражыты за табой,
Ці буду я прымаць няроўны бой,
Ці здолею крыжовы шлях змагчы
Не ведаю – бяры хутчэй ключы,
Інструкцыю і танных фраз тамы,
Дзе ў вечнасці даўно не чутна “мы”.
***
Жыццё інтымнае – а ведаюць усе:
Мы ўзрошчваем кар’еры пакрысе,
А людзі кажуць, быццам бы наш трап –
Чарга вяльможных ложкаў і канап,
І ў кожным – задаволены сатрап.
Здзіўляцца позна ўжо, бо злыя языкі
Змяняюцца на вострыя клыкі
І рвуць цябе дашчэнту, да канца –
Успомні пра нябеснага Айца
І Езуса – святога пасланца:
Ідзі далей у свет – цябе сустрэне шлях,
Што горшае імгненна, не па днях.
Ты стомлены разгублены ваяр,
Наперадзе ізноў чакае яр –
Планідай нам падораны махляр.
Глядзі на ворагаў – яны твае сябры:
Іх зайздрасць у заплечніку збяры –
І спіну немагчыма больш згінаць,
А з роўнаю – мы велічная гаць,
Што годнасці захоўвае пячаць.
Напамінак
У горадзе чужым, крыху варожым,
З бетонам між нябёсамі і мной,
Спыняецца разгублена прахожы,
Бо ўсюды пахне скошанай травой.
Ён, пэўна, і не здолее заўважыць
Духмянасць і атавы – і жыцця:
Муры тут больш за глыбы цвердзі важаць,
Пад імі ты знямоглае дзіця.
Ён, пэўна, і не можа здагадацца,
Што ў паху гэтым мноства таямніц:
Увішная настойлівая праца –
І вольная часіна ля крыніц.
Ён, пэўна, і не ведаў бы ніколі
За кратамі шклянымі гарадоў
Пра гэты водар чысціні і волі,
Прынесены з квітнеючых садоў.
І вось цябе, чужы мне і варожы,
Прыму без слоў у сэрца і душу
За гэты пах травы – людскі і божы –
І цэлы свет я ім закалышу.
***
Я перастаю баяцца вар’яцтва, калі бачу зблізку тых, хто хварэе на яго.
Вінсэнт Ван Гог
Так, мы вар’яты. Можна не баяцца
І не хавацца, бо вядома ўсім:
Мы блазны, скамарохі і паяцы –
Знаходзім фарбы ў белі сцюжных зім
І бачым лепшых на агульным фоне,
Смяёмся з тых, хто слухаць не мастак,
Не б’ёмся перад моцнымі ў паклоне,
Не прадаём святое за пятак,
І талент не па крытыцы змяраем,
І словы не кідаем проста ў бруд,
На дробязі-знявагі не зважаем,
Не ломімся ад дробязных пакут.
Між намі ёсць закон, даўно прыняты:
Рабі ўсё тое, што ніхто не мог.
Вітаю вас, сябры, мы ўсе вар’яты!
І гэтаму я рада, далібог!
***
Маё бяссонне – твой, каханы, грэх.
Маё бяссілле – нашая правіна.
Я буду падаць з паламаных стрэх
Шматпавярховак – і наперад спінай…
І свой адчай я з некалькіх прычын
І з некалькіх нагод даўно складаю:
Мая душа хацела на спачын,
Даводзіцца ж то ў рай, то ў пекла з раю…
Пакінь мяне без болю і без слёз.
Змяняць жыццё, упэўнена, складана,
Ды я пайду пытацца насур’ёз
Пра шлях свой у Талмуда і Карана.
***
А вершы палалі ў пякельным тваім агні,
А словы вяршылі чарговую – несудовую – справу.
Ты верыш яшчэ ў каханне? Скажы мне? Ані…
Я веру чужым безнадзейнасцям – захінаюся ў славу.
У шчасця, на жаль, і кароткі, і хісткі век,
У боля няма незавершаных – перакручаных – думак.
Ты бачыш дрыготкасць маіх крыштальных павек,
Я бачу бязлітаснасць вэрхалу – назапашванне сумак.
Не варта расказваць пра тое, што тут было,
Не трэба дзяліцца пакутамі – недамэтамі – з намі.
Ты ломіш на спіне чужой – ці маёй? – крыло,
Тваю паламала будзённасць я – асабістымі снамі.
***
Засынае неба. Засынае.
Тчэцца нітка самых шчырых слоў.
Я – бязвольная, бязродная, чужая –
Успамін далёкіх светлых сноў.
Прамільгнула думка. Патанула
У сінечы памятных вачэй.
Між лістоў старых твая цыдула
Дагарае ці гарыць ярчэй?
Усміхнуцца вусны. А на сэрцы
Застанецца горыч і смуга.
Ён пайшоў навек. Не азірнецца.
Зноў над багнай вырасце куга…
Я гляджу на неба, чую думкі
І на вуснах хмельны мёд лаўлю.
Гэты вечар – плён маёй прыдумкі.
Я кахаю Вас. Ці ўсё ж люблю?
***
Навукоўцы даказалі, што любы псіхічны боль
цягнецца 12 хвілін, усе астатнія перажыванні
мы абуджаем самі.
Адбаліць. Праз дванаццаць хвілін. Пачакай.
І не будзе ні слёз, ні адчаю ніколі.
Зноў заб’ецца зламанае сэрца паволі,
Растрывожана сонца кране небакрай.
Адзінаццаць. Сляза – быццам здань – на шчацэ
Высыхае і больш не прыносіць маркоту.
Я кахала цябе… Абдыму адзіноту
І адчую палёгку ад ветру ў руцэ.
Чуеш – дзесяць – застылі не тут, а ўбаку
Успаміны, міргнулі і зніклі раптоўна…
Запісаўшы на аркушы – дзевяць – даслоўна,
Патаплю горыч кавы і дня ў малаку.
Аджывалі і – восем – лічылі дарма,
Што не здолеем – сем – ні за што мы ўхапіцца –
Шэсць – павінны былі да канца памыліцца –
Пяць, чатыры – спыніліся – тры – дзе мы? – два…
Адбалела. Адзін. Не вярнуцца туды.
Пасівелыя скроні. Пабітыя рукі.
Смак, твой водар. І дотыкі… Чуюцца гукі…
Не, дванаццаць – так мала. Павер. Сапраўды.
Філалагічны вершык пра тэорыю “смерці аўтара”
У смерці няма абліччаў,
Хто ўбачыў – яе прызёр.
Філолаг наіўна лічыць,
Што аўтар даўно памёр,
А тэксты ствараюць словы –
І словы ствараюць тэкст,
А кожны твой верш – не новы,
Дай толькі знайсці кантэкст,
Алюзіі ў кожнай казцы,
Бы снежкі, збіваюць з ног,
У драме – у кожнай – масцы
не здацца ніхто не змог.
Мы просты набор сюжэтаў,
Мы клавішы Ctrl+V:
напішам мільёны светаў,
Каб толькі падняць лавэ,
Узновім гарачых сонцаў,
Каб з гонарам “Я паэт”
Паўсюль паўтараць бясконца…
Спыніся. Мы толькі след
На мокрым яшчэ бетоне
Пагоста банальных кніг.
У тэкстаў зноў тэкст патоне –
Праз смерць неўміручы знік.
Дэцыма Незнаёмаму
Мастацтва патрабуе заўсёднага назірання.
Вінсэнт Ван Гог
Мастачка намалюе Ваш партрэт,
Хоць творца і здаецца незнаёмай,
Ваш вобраз на карціне аксіёмай
Схавае і пейзажы, і сюжэт –
Карціна адлюструе Ваш імпэт.
Паэтка не напіша верш пра Вас,
Бо вобраз пакідае на запас:
У тэкстах адшукайце між радкамі
Свой голас, ёй пакінуты не Вамі –
Яго не зменіць ні жыццё, ні час.