Алесь КАРЛЮКЕВІЧ. Артур Вольскі. Гісторыя аднаго ліста

На жаль, гэтае пісьмо без даты. І ўсё ж яно сведчанне часу. А яшчэ — сведчанне характару адносін паміж пісьменнікамі, адносін прыязных, якія б спрыялі творчаму развіццю.

Хутчэй за ўсё, гэты ліст Артур Вольскі напісаў мне напрыканцы 1987 ці ў пачатку 1988 года…

«Паважаны Алесь!

З прыемнасцю паведамляю Вам, што апавяданне Акмухамеда Вельсапарава, перакладзенае Вамі на беларускую мову, будзе змешчана (калі не здарыцца чагонебудзь нечаканага) у штогодніку «Братэрства — 88». Будзем спадзявацца, што першая ластаўка не застанецца першай. Але ў далейшым узгадняйце з намі, што Вы хочаце прапанаваць «Братэрству». Так будзе больш надзейна.

Цяпер — настойлівая просьба. Паколькі ў даведніках, якія маюцца ў нашым распараджэнні, мы не знайшлі ніякіх звестак пра аўтара апавядання, просім Вас як мага хутчэй паведаміць нам кароткія біяграфічныя звесткі пра А. Вельсапарава і даслаць у выдавецтва яго фотакартку. Без гэтага рукапіс не можа ісці ў вытворчасць, а здаваць у набор яго ўжо трэба было, як кажуць, учора. Спадзяёмся, што Вы неадкладна адгукнецеся на нашу просьбу. Чакаем!

У беларускім друку ўсё часцей мільгае Ваша прозвішча. Гэта прыемна.

Новых Вам поспехаў!

Артур Вольскі, укладальнік “Братэрства”».

Вось і ўвесь ліст. Кароткі. Па справе… У той час, калі я спасцігаў новыя для сябе гарады і старонкі, у 1985 —1990 гг., пасля чатырохгадовай вучобы ў Львове, мільгацелі перад вачыма Ташкент, Ашхабад, Гавана, свядомасць станавілася іншай, болей шырокай ад адкрыццяў, знаёмстваў, прачытанага. Так я перакладаў на беларускую мову «Летнія запісы» народнага паэта Туркменістана Керыма Курбанняпесава. Рукапіс, адпраўлены ў «Маладосць», недзе, пэўна, бясследна знік. Так пераклаў дзіцячыя апавяданні Каюма Тангрыкуліева. Двойчы ў тым самым 1988 годзе іх надрукавала «Вясёлка». Паспрыяў гэтаму Мікола Маляўка, які тады працаваў у рэдакцыі часопіса. Крыху пазней пераклаў на беларускую мову гумарэску ці, хутчэй, нават гумарыстычнае апавяданне Арэ Дашкынава. Пераклад надрукавала «Чырвоная змена», куды тэкст аднёс мой добры памагаты, старэйшы таварыш Мікола Чарняўскі.

…Апавяданне Акмухамеда Вельсапарава «Перад світаннем» у перакладзе на беларускую мову пабачыла свет у альманаху «Братэрства — 90». Поруч з яшчэ адным маім перакладам — апавядання «Успамін» Тыркіша Джумагельдыева. Пісьменнікі розных пакаленняў, яны абодва мне дарагія. Дзякуй богу, жывыя і зараз. Акмухамед Вельсапараў яшчэ ў першай палове 1990-х пераехаў у Швецыю, заснаваў там сваё кніжнае выдавецтва. Тыркіш Джумагельдыеў па-ранейшаму жыве і працуе ў Ашхабадзе. Мне пашчасціла з імі сустрэцца яшчэ аднойчы: з Тыркішам Джумагельдыевым — у 2009 годзе, з Акмухамедам Вельсапаравым — у 2012-м… Дарэчы, нядаўна перагортваў свой дзённік, які вёў на Кубе, у 1988 — 1990 гг. Адтуль і напамін, што быў яшчэ адзін пераклад прозы Акмухамеда Вельсапарава, — апавяданне «Упарты»… Яго, праўда, надрукаваць не ўдалося.

Ліст Артура Вольскага, вядомага беларускага дзіцячага пісьменніка, перакладчыка, тады, ледзьве не 30 гадоў назад, прымусіў мяне не маўчаць, не пакідаць сваіх сціплых спроб у перакладчыцкай справе, ды і ўвогуле — у стасунках з беларускім друкам.

І цяпер у полі майго перакладчыцкага зроку — туркменскія пісьменнікі. Сярод іх — Агагельды Аланазараў, Касым Нурбадаў, Максат Бяшынаў, Камек Куліеў… Пераклады іх твораў з’яўляюцца ў «Вясёлцы», «Бярозцы», газеце «Пухавіцкія навіны», часопісе «Гаспадыня»… А пачатак гэтай работы, гэтага даўняга захаплення ў многім адбыўся дзякуючы менавіта лісту, шчырай увазе светлай памяці Артура Вольскага.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

http://www.main.lim.by/wp-content/uploads/2016/05/19-2016.pdf