Алена Стэльмах. Страта

Апавяданне

Прысвячаю зямлячцы — Леанідзе Сцяпанаўне Шышкавец, якая нарадзілася 22 чэрвеня 1941 года.

Лёльцы як хто кол у галаву ўбіў — так завалодала ёю безвыходная думка пра згубу. Сцішыцца, вочы заплюшчыць: «Ну ўсё, спаць буду», — у каторы раз адно і тое ж паўтарае. А не, сон, як збеглы свавольнік, недзе далека гойсае, і ніяк яна яму не дасць рады…

Ажыў успамін пра бацькаў занятак, як той спрытна часаў вострай сякерай тонкія бярвенні. З-пад бліскучага ляза выслізвалі доўгія пасмы свежай бура-карычневай каравіны. Акораныя жэрдкі ўжо мала чым нагадвалі дрэва. Але, здавалася, яно яшчэ дыхала і ў такім непрывабным выглядзе саромелася сваёй аголенасці. Ацярэбленыя жэрдкі Сцёпка адкладаў у бок. Браўся за больш тоўстыя — слупкі. Іх ён яшчэ і завострываў, як алоўкі, старанна абмазваў салідолам, абгортваў чорным, як смоль, толем. Каб надзейней іх вострыя пікі ўвайшлі ў зямлю, пастукваў зверху абушком…

Стары ўжо больш за дваццаць гадоў спачывае на вясковых кладах. Плот ягоны толькі летась зяць змяніў на новы, па-сучаснаму фасоністы. А кол-стаўбун, бы той, бацькаў, у Лёльчынай галаве стаіць, не зварухнецца…

Лае сябе Лёлька на чым свет стаіць: век пражыла, а розуму не здабыла. Тугі гнятучай і ў душу, і ў сэрца напусціла. Сваімі ручкамі бяду бессаромную за рожкі на падворак прывяла. У «грабавы» запас залезла, каб цяпер саму сябе са свету зводзіць.

Хоча Лёлька перайначыць думкі свае цяжкія, неадчэпныя. Ці такое за шурпатае жыццё перажыла? Ночкай той кароткай, міглівай, калі вораг люты каваным ботам на зямлю родную ступіў, прыйшла ў сям’ю радасная вестка — маці першынца на свет Божы нарадзіла. Разгубіўся бацька ад нерассмакаванага шчасця: праз колькі дзён позва на фронт чорным груганом у хату ўляцела, у душы чорнымі крыламі забілася. Якім ты будзеш, лёс непрадказальны, салдацкі? Дурная куля стрэне на паўдарозе? Ці злітуецца — абміне? Зможаш дзіцяткам-золаткам пацешыцца, узгадаваць яго? Ці слыць тваёй крывіначцы па свеце няшчаснай сіратой?

Калі вёску захапіла зграя наваяўленых гаспадароў, і варожыя салдаты, наводзячы свой парадак, пачалі церабіць кожную хату, Шыкаўцы паспелі ўскочыць у стары склеп на супрацьлеглым баку вуліцы. У невялічкім, урослым у зямлю буданчыку яшчэ ляжалі кашы са тры пабітай храсткамі бульбы, дзясяткі два прарослых буракоў ды моркаўка, што таксама паспела ўжо пусціць бледна-зялёныя косы. Нават тут, у цемры халоднага падзямелля, непераможныя сілы жыцця бралі сваё. Там, наверсе, святло вясёлкавага дня засланілі свінцовыя хмары, чорнымі крумкачамі наляцелі, павіслі на доўгія чатыры гады…

Гэткіх сціплых запасаў, па сялянскай кемлівасці, хапіла б да маладой гародніны. Тады і прыбралі б склеп, і паветра свежага ўхапіў бы ён з асалодай. Цяпер спёрты за зіму даўкі пах не даваў прадыху…

Калі ў перакошаныя дзверы пастукалі, Шыкаўцоў праняў нямы страх. Агаломшаныя, яны ледзьве разабралі дрыжачыя нясмелыя галаскі, пазналі па іх суседскіх дзяцей — маці малым Драчыкам, як дражнілі іх на вёсцы, наказала бегчы да выратавальнага сховішча. Упусцілі гэткіх жа, як самі, гаротнікаў. Стуліла іх адно да аднаго нечуваная бяда. Лёльчына маці, Адэля, мацней заціскала немаўляці рот трапіўшай пад руку анучай, што невядома колькі часу прэла ў склепе, каб дурненькае не закрычала, не выдала сховішча ворагу…

«Гэткая свавольніца была», — горка ўсміхнулася сама сабе, свайму гаротнаму маленству Лёлька. Усё жыццё стаіць на яе лёсе пячатка — дзіця вайны.

Адэля, калі ўспамінала пра вайну, часта ўзгадвала Драчыху. Як разам хадзілі на вячоркі, ды і пасля па-суседску добра ладзілі. І як стаяла жанчына ў апошняе імгненне свайго жыцця, баронячы сабой карміліцу-кароўку, каб не звялі немцы са двара, так і павалілася на зямлю, утаропіўшы ў высокае неба нямы пагляд…

Дзякуй богу, Лёльчын бацька вясной 45-га вярнуўся. Чаго толькі ні пабачыў салдат на сваім шляху, пакуль гнаў ворага да яго логава. Закамянела салдацкае сэрца, інакш бы не перажыў, не перанёс смяротнае пекла. А тут перад вачыма — дзіцятка роднае, дачушка-быліначка. Сумелася малая, за маці хаваецца. Адэля, здаецца, за вайну слязы не выраніла, а прыйшла тая доўгачаканая хвіліна — дала ім волю, светлым, празрыстым… Падштурхоўвае спалоханую Лёльку:

— Татка ж гэта, твой родненькі! Вярнуўся!

Сцёпкава сэрца, бы абмытае крывёй гарачай, страпянулася. Колькі ў снах трывожных салдацкіх марыў ён пра гэтую сустрэчу! Хоць і баяўся ў думкі пускаць, каб не спужаць далёкую адважную надзею. Ды яна не пакідала яго, усе чатыры гады след у след ішла поруч, упарта вяла звілістымі франтавымі сцежкамі.

Вайна разбурыла, зруйнавала ўсё навокал, прынесла мільёны ахвяр. А тут насуперак усяму — чалавек вырас, кветачка пунцовая расцвіла!

— Будзем з табой, Лёлечка, новае жыццё ладзіць!..

Сцёпка часта браў дзяўчынку на рукі, нібы хацеў навярстаць тое, што недаравальна прамінуў. Знутры яго падштурхоўвала нястрымнае жаданне вярнуць доўг — нерастрачаную за вайну любоў. Паненачкай яе называў, дурасліва забаўляўся.

Тое, што куля бацькаву нагу зачапіла, — бяды вялікай. За плугам ісці было цяжкавата, але ён прагна кідаўся да любой работы. Стараўся і салдатцы якой дапамагчы…

Ва ўсіх дзень нараджэння — чаканае свята, шумная весялосць. А Лёлька і ў свае семдзесят пяць не вызначылася, як ёй быць: і хацелася б гасцей склікаць, ды жалезны абруч сціскае грудзі — не можа даць волю пявучай радасці. Незагойна-балючай памяці здрадзіць не можа. Гэта ж колькі ў той дзень, 22 чэрвеня 1941 года, на краіну бяды-гора абрынулася! Слёзы людскія ракой, не ведаючай берагоў, паплылі, ад ран крывавых зямля спяклася…

Вось табе і на: думкі хацела адагнаць журботныя, а іх, новых, — насланнё, гэткія ж, гаротныя. Што зробіш, такая яна па жыцці — да ўсяго датклівая.

***

Як быццам прыснула трохі. І не можа ўцяміць: сон гэта ці ява?

…Пякло тым летам, як ніколі. У лесе нават воўчым грыбам не пахла. Затое адліло ў верасні. Пасля жыццядайных дажджоў маладзенькія апенькі пырснулі паўсюль, дзе толькі вытыркалася карчэўе, завіліся ланцужкамі па зямлі. Былі і такія выскачкі — навыперадкі мерыліся па бярозах ды елках нават да неба даскочыць. Шыкаўцовы хлопцы некалькі разоў з кашамі па іх збегалі, натаміліся. Уздумалі на грыбазбор каня запрэгчы, і Лёльку на воз падсадзілі.

Прыкмеціла Лёлька ў зарасніках малінніку, сярод парыжэлай травы, пень вялізарны. З усіх бакоў абляпілі яго апенькі-блізнюкі. А ў цэнтры пня таго — цар змяіны ў залатой кароне ўссядае. Ля пня змеі — круцяцца ў клубкі, віруюць, выслізваюцца, языкамі агністымі, як стужкамі, павіваюць… Агідна ёй ад такога відовішча, моташна, а не зварухнецца. Бачыць — і апенькам не па сабе, ад жудасных танцаў ажно пабялелі.

Старэйшыя на вёсцы здаўна малых павучалі: на Узвіжанне ў лес — ні нагой! У гэты дзень змеі ды ўсе гады і ў гушчарах, і на прагалінах верхаводзяць, развітальныя стрэчы ладзяць, да зімовага спачыну рыхтуюцца. А яшчэ ці то праўду казалі, ці больш палохалі: на Узвіжанне змяіны яд — самы атрутны.

Змеі галовы ўверх задзіраць сталі, да цара пацягнуліся, шыпець пачалі…

Лёлька схамянулася. прачнулася. Бачанае ў сне на свой лад перайначыла: лепш бы змяя джыганула, пабалела б ды прайшло. А цяпер, як успомніць пра сваё, гнятлівае, такая роспач яе ахопіць — месца сабе не знаходзіць…

Пачула Лёлька, што стары ўжо ўспароўся, грукнуў у сенцах. Ведала, патупаў падкідаць у паравое брыкет. У хаце — астуда. З-пад цёплай коўдры вылазіць боязна. Мусіць, мароз памацнеў. Учора так мяло, што з ног збівала. Паштарка, якая несла пенсію, бабай снежнай у хату ўвалілася, казала, ледзьве па гурбах прапаўзла. Тамары Мелюковай, якая жыла ў канцы вёскі, не панесла грошы, вырашылі: сама яна забярэ іх у Шыкаўцоў. Вуліцу пакуль ніхто не прабіваў. Ад цэнтра, дзе іх хата, да самага верху толькі і жыхароў, што Тамара — адзіная жывая душа. А была ж вёска — гаманкая, вясёлая, людная. Жылі ў ёй людзі, працавалі, рупіліся, кахалі. Як казалі мудрыя дзяды, у поўны смак жыла вёска. Ды з часам каго горад да сябе як магнітам прыцягнуў, а каго — гады на ўзгорак — туды, «дадому» — на вечны спачын паклікалі.

Сцяпанаўна — так паважліва цяпер называюць Лёльку — зараз мясцовы стараста. Узяла міжволі на сябе клопат за ўсіх адзінаццаць местачкоўцаў. У зімовыя завеі непакоіцца за іх асабліва: і з хаты не вылезе каторы, так бывае за ноч намяце. Гэта з надыходам цяпла, нібы тыя  шпакі, пачнуць злятацца ў вёску дачнікі.

Лёлька і вёска — даўно атаясамленае. І ў самых настырных думках ніколі не насіла, каб недзе ў свет брысці, іншай долі шукаць. Тут з Віцькам пад векавым дубам, што і зараз вёску вартуе, кахаліся-мілаваліся, у мясцовым сельсавеце шлюбам пабраліся, траіх дзетак — роду працяг — нарадзілі. Ён у саўгасе — сорак гадоў за рулём. Яна — бухгалтаркай у саўгаснай канторы, зарплату налічвала. Пасля ў вясковую краму перайшла. Да апошняга трымалася, ведала: сыдзе — не будзе каму гандляваць. Так і сталася: Лёлька— на пенсію, краму — на замок. Згасла ў краме акно-святлінка, і вёска яшчэ больш загарунілася…

Жылося ім з Віцькам на сваёй натаптанай бацькаўшчыне не горай, чым катораму адарванаму ад зямлі адшчапенцу. Многа вады ў іх Слаўцы сцякло з тае пары, і рэчка цяпер — адна ручаіна. Тыя з вяскоўцаў, хто ў горад пайшоў, свой век там пражылі. Якую ласку ён да іх меў, ім самім пра тое і ведаць. Але чамусьці многія з тых гараджан вяртаюцца на апошні прытулак на вясковыя могілкі. А ў апошні шлях каторых з іх толькі Шыкаўцы, ды яшчэ сёй-той з местачкоўцаў і праводзяць…

Лёльцы перш за ўсё пашчасціла ў тым, што быў гаспадар да гарэлкі спакойны. Таму з дому, як у каторага выпівохі, дабро нікчэмна не сплывала, а наадварот, у сям’ю рэчка дабрабыту цякла. Зайздросныя вочы за плячыма іх «магнатамі» празывалі.

— Людскія языкі да гаворкі здатныя, што ўздумаюць, тое і плешчуць. Хвалююцца за чужыя нажыткі, а не зважаюць на тое, як гэта далося, — ведаючы вясковы нораў, усміхаўся ў калісьці сівыя вусы Сцёпка, які напрацаваўся за доўгае жыццё. Прыкмячаў, як са свайго мазаля мацней становяцца на ногі маладыя, моўчкі ўхваляў выбар дачкі.

Іх з Віцькам гады залатыя, як адгулялі паўвекавы юбілей сумеснага жыцця, прыкметней сталі браць сваё. Паціху мусілі змяншаць клопатную гаспадарку, скарачаць жытнёва-бульбяныя палеткі… Затое гаспадар ахвотней стаў брацца за гармонік. І зусім не таму, што згультаіўся чалавек, пацягнула яго да лёгкага хлеба. Лёлька, бачачы, з якой пяшчотай Віцька браў сваю «музыку» у рукі, нават трохі раўнавала яго да інструмента. Асабліва на людзях, лёгка пацвельвала: яе б так лашчыў. Гулліва падміргвала мужу.

З першым гармонікам — бацькавым падарункам — музыка не расставаўся з дзяцінства. А тады пайшло-паехала: што ні юбілей ці якая іншая важная нагода — у хаце новы гармонік спявае на ўсе лады.

Віцькава душа, не падуладная часу, просіуь улюбёных з маладосці мелодый, прагне весялосці мінулых часоў. Пачуе знаёмыя гукі вёска, схамянецца ад вясёлых пераліваў вальсаў ды полечак, абудзяцца згорбленыя ад халадоў хаты, заскача ў верхавіне разгатага дуба агністая жывінка. Пакуль жыве музыка — жыве і вёска!

***

На кухні Колька, як заўсёды перад работай, паглядаючы ў тэлевізар, піў каву. Хацеў і Шыкаўцоў старэйшы хлапец у сталіцы карані пусціць, а не прыжыўся. Пакруціўся там троху, як блін на патэльні — адзін бок падсмажыў, а пасля і другі падставіў. Апёкся. Вось і прыбілі жыццёвыя хвалі яго назад, да бацькоўскага парога.

Цяпер і ў неперспектыўнай вёсцы, як вызначылі яе лёс гарадскія знаўцы, многае па-сучаснаму. Шыкаўцы і «Залу» глядзяць, і ў хлебапечцы свежыя прысмакі выштукоўваюць. Апошнім часам Лёлька надумала прыдбаць мультыварку. Чула, бабка ў ёй надта смачная — спакуса для ўсёй сям’і.

— Няма на цябе супынку, — муж з сынам ушчувалі жанчыну.

Але ведала тая, што гэта яны так толькі знешне нібы злуюцца. Самі ж падахвоцілі завесці авечак. Маўляў, сена ўдосталь, а вясна агукнецца — на волю пойдуць. Кругом лугі шаўковыя, мядовыя. Толькі нішто не спажывае іх даброць. Пчолкам няма куды сваю асалоду несці. У недалёкія часы паміж суседзямі за кожны кавалачак зямлі вяліся сур’ёзныя, а то і варожыя спрэчкі.

Лёлька згадзілася не адразу. І «в’етнамчыкаў» хапіла б — поўны хлеў драбязы напладзілі. Ажно тры свінаматкі, адна за адной, прыплод памножылі. Думала — каму прадасць, каму затак аддасць парасят. Ат, ніхто нават на дарэмшчыну не паквапіўся. Толькі зайдзі ў хлеў — малыя ашавуркі хапаюць за спадніцу. Усіх накарміць, прылашчыць трэба. Конь Каштан грывай трасяне, капытом тупне. Знак падае: і да яго падыдзі, пастой, даланёю па цёплай шыі пагладзь…

Варта гаспадару аказацца, у хлеўчуку зайздросны кавалер — індык Воляк — нешта толькі яму вядомае загергеча. Узрушацца сціхаміраныя куры — усіх павітай, добрае слова скажы кожнаму.

Лёлька не падавала выгляду, але задумала прыдбаць авечак. Думалася — можа, як памаленьку і з імі ўладкуецца. Закаранелая сялянская прыхільнасць да жывёлы брала верх над чэпкімі старэчымі хваробамі, пераважала над абяцаннем дзецям і сабе пацішэць у клопатах. А як памагаты Колька з горада вярнуўся, жыццё па новай кругавіне пайшло. Гаспадарка спакваля прырастала. І не столькі дзеля наедку тое рабілася, а каб падворак не быў пустым. Каб нешта на ім рухалася, кудахтала, рыкала… Каб было і ім, старым, за што рупіцца.

— Воўна будзе — унукам цёплых шкарпэтак, рукавічак навяжу, — захапіла светлая мара Лёльчына сэрца.

Сама Лёлька не надавала гэтаму значэння, але вайна пакінула на яе звычках незацярушаны гадамі след. Ёй увесь час хацелася нешта мець у запасе, каб не звялося, каб не давялося галадаць, каб было што апрануць.

Цішком схадзіла ў хлеў, прыгледзела для жывёліны месцейка. Наважылася Кольку загадаць, каб прыстроіў яслі. І толькі калі ў газеце вынайшла аб’яву, выдала сваё рашэнне: паеду купляць авечак, ужо і з гаспадыняй згаварылася, і машыну знайшла.

***

Да Новага года заставаліся лічаныя дзянькі. А чаканая зіма ўсё недзе сноўдалася ўдалечы. Стомленай нягодзіцай восені нічога не заставалася, як цягнуць сваю надакучлівую лямку — доўжыць маркотную шэрань кароткіх дзён.

Зрання ў Шыкаўцовай хаце панаваў узнёслы настрой — Лёлька збіралася ў дарогу, меркавала да прыцемкаў вярнуцца. Ды не адна!

Калі а дзясятай гадзіне засвятлела, ля хаты спынілася машына. Гаспадыня, убачыўшы прыезджых, гасцінна расчыніла вароты:

— Ідзі, кабетка, выбірай, каторае даспадобы.

Лёлька разгубілася: вялікія і маленькія, чорненькія і беленькія — перад ёй паўстаў цэлы статак авечак. Здаецца, яны са страхам пазіралі на яе: не гаспадыня…

Лёлька падлічыла: грошай хопіць на дзвюх авечак, барана і трох ягнят. З такім адмысловым кучаравым скарбам, як пачало шарэць, і спынілася машына ля Шыкаўцовага падворку. Напалоханых авечак пусцілі ў хлеў. Колька паклаў бярэмак сена, выбраў самае духмянае — хацеў заручыцца з навасельцамі сяброўствам.

Раніцай авечкі глядзелі не так варожа, бы зразумелі, што кепска ім тут не будзе. Рашылі пусціць іх на аселіцу. Няхай ногі разамнуць, глядзіш, і скубянуць зялёнкі, што выбілася, адчуўшы падманлівую снежаньскую цяплыню.

Узрадаваным свабодай авечкам сапраўды хацелася выбегацца, і малыя гулёны-ягняты ад дарослых не адставалі, падсковалі. Здалёк здавалася: ўздымаюцца над зямлёй пухнатыя шарыкі-дзьмухаўцы.

Як на бяду, наскочыў сабака. Потым гадалі-думалі — адкуль ён узяўся? Вялізны, калматы, злосны. Вось такім і чалавек бывае. Кінутае, непатрэбнае, без прытулку, без спагады — дзічэе.

Сабака вар’ятам наляцеў на авечак. А яны, і без таго пудлівыя, змітрэжыліся, ратуючыся, сіганулі ў розныя бакі — толькі іх і бачылі. Сабака, быццам пярэварацень, знік гэтак жа непрыкметна, як і з’явіўся.

— Божухна, што ж гэта нарабілася! — як па нябожчыку, загаласіла Лёлька. Колька шпарка ўскочыў на каня, кінуўся наўздагон. Абляцеў усю ваколіцу, вярнуўся ні з чым: авечак нідзе няма, як пад зямлю праваліліся.

Неўзабаве адну авечкуадшукалі ў кустоўі ля рэчкі. Відаць, знядужала, прыстала. Яна, знясіленая, надта і не супраціўлялася, калі Колька ўскінуў яе на каня і прывёз назад, закінуў у загарадку.

Астатніх шукалі яшчэ не адзін дзень: па хмызняках, гушчарах, людзей апытвалі — мо хто бачыў. Па вёсках, дачах, куды даехалі, аб’явы вешалі, узнагароду абяцалі хоць за якую вестку. Але ўсё дарма. Столькі прыклалі намаганняў, а з тых высілкаў адна крыўда: зніклі авечкі — не знойдзеш нават са свечкай.

Да ўсяго пекануў мароз-галашчок. Следам сапраўдная зіміца наступіла. Рукавом толькі махнула — белыня кругом.

Лёльцы, канешне, і грошай шкада — пусціла на вецер. Але сябе суцяшала: значыць, суджана ім з Віцькам пажыць яшчэ. Той «грабавы» запас, які парушыла, спатрэбіцца не скора.

Сэрца болем пякучым ад другога заходзілася: авечак-гаротніц калючыя вятры шкамутаюць, снежны цалік шлях ім гародзіць. Мароз пячэ без разбору, ён і ў шыкоўных футрах праймае. Холадна, голадна. Гавылле толькі дзе-нідзе калышацца, а які з яго наедак?

Іскрыстымі сняжынкамі сыпанулі ў Шыкаўцову хату навагоднія віншаванні. Людзі празналі пра Лёльчын клопат. Як хто мог, суцяшалі кабету:

— Не гаруйце раней часу. Мо яшчэ знойдуцца. Здараюцца ж навагоднія цуды.

— Гэта, Сцяпанаўна, праблемы вашы зляцелі, у годзе старым усё дрэннае з імі засталося.

— Купім вам новых авечак, няхай толькі пацяплее!

Дзякавала Лёлька за спагаду, а сама толькі цяжка ўздыхала:

— А там жа і ягняткі — дзеткі малыя…

***

Лёлька выйшла на кухню, калі сын сабраўся адыходзіць на работу. Ён ведаў: маці хоча сказаць тое, што чуў кожную раніцу. Пасля таго здарэння яна не прамінала нагадаць:

— Ты ж, сынок, на людзях будзеш — цікаўся. Мо хто і бачыў…

Сёння ён не вытрымаў, выказаў тое, што ўжо даўно насіў ў сабе:

— Забудзься, маці, на сваіх авечак. Нябось, даўно пайшлі на шашлычок. Няма ні рожак, ні ножак. А ты ўсё па іх плачаш.

Колька стукнуў дзвярыма і знік у снежным сеіве. Зірнула ў акно Лёлька: не памылілася, не на жарт усхадзілася зіма. Яе нораву прыйдзецца падпарадкавацца. А з сынам яна паспрачаецца: навошта пра людзей благое падумаў? Бескарыслівай дабрыні на свеце куды больш, чым зла ды жорсткасці. Яна чужому дабру заўсёды настойліва шукала гаспадара. Да яе што толькі ні прыбівалася. Нядаўна трактарыст прывёз у вядры падхоплены каўшом з зямлі выпладак лісянят. Знаходка апынулася ля фермы, дзе наводзілі парадак. Просіць хлапец:

— Сцяпанаўна, толькі на вас і спадзеў!

І ў аўталаўку па малако бегала, і са шпрыца карміла, і «павуцінку» варыла. А калі драбяза падрастаць стала — спалохалася. Што з такой аравай (ажно чатыры!) лісянят тых цяпер рабіць? Жартавала: і курэй не хопіць, каб як вырастуць, частаваць. Стала людзей прасіць: дапамажыце знайсці выхаванцам іншае прыстанішча! На шчасце, пра хваляванні жанчыны пачулі ў экалагічным цэнтры. Цяпер там яе рыжыя хрэсніцы ў вялікай пашане.

Колькі часу прайшло — зазваніў тэлефон. Незнаёмец пытаецца:

— Вы авечак шукаеце?

— Шукаем, — прыліпла Лёлька да слухоўкі.

А той і кажа:

— Бачыў, на аўтобусным прыпынку стаялі.

Адчула Лёлька падвох нейкі ў гэтым:

— Хіба яны ехаць куды сабраліся? — удакладняе.

А той вазьмі ды і прызнайся ў сапраўдным намеры сваёй «дабрачыннасці»:

— Вы ж за звесткі ўзнагароду абяцалі. Мо дасце на бутэльку?

— Знайшоў, разумнік, як у калядныя дні сябе пацешыць, — абурылася Лёлька паклала трубку.

Яна і сама разумела: месяц ужо хутка, як прапалі авечкі, шанцаў знайсці іх ўжо амаль ніякіх. І кінула б пустое, але той быццам уцямяшаны ў галаву кол як стаяў, так і стаіць: знойдуцца…

Лёлька ў сны верыла і не верыла. Але калі бацька-нябожчык прысніўся, ведала — прыносіў неспадзяваную навіну, спрыяў ён ёй добра. Прачнуўшыся, з хлопцамі падзялілася, што будзе дзіва нейкае. Тыя паднялі яе на смех, абазвалі крыўдным — прыдумляльшчыца. А як снедалі, зноў успомнілі ранішнюю размову, у дадатак задзірліва пакпілі з яе. Але назаўтра, не было яшчэ і сямі гадзін, як зазваніў тэлефон. Колька першы падскочыў:

— Маці, цябе, — паклікаў заспаным голасам.

У той рукі-ногі пашэрхлі, здранцвела, да сябе дайсці не можа. Так рана дарма ніхто не турбуе. У такую трывожную хвіліну хіба пра добрае думаецца?

— Міленькая, не крыўдуй, — супакоіў Лёльку лагодны жаночы голас. — Але ж сама месца сабе не знаходжу, ну проста прэ з мяне сказаць: знайшліся твае авечкі!

У Лёлькі ад такой нечаканкі і мову адняло. Камяк тугі горла сціснуў, слёзы нястрымныя з вачэй пакаціліся… Тут бы ёй распытаць жанчыну: як і што? А яна стаіць знямелая — ад абрушанай радасці, ад дзіва раптоўнага, бацькам прадказанага.

Віцька за сцяной усхапіўся. Спалохаўся: слоў Лёльчыных ён бы не разабраў, але гамонку пачуў бы. Чаму тая не аказваецца?

Хуценька да жонкі памкнуў:

— Лёля, што здарылася? Маўчыш чаму?

Здаецца, такой гаваркой здатная да доўгіх казанак Лёлька ніколі не была — так «прарвала» яе красамоўе. Усё да дробязей хацелася даведацца — як згуба знайшлася? Адкуль шанцаванне прыйшло?

Аказалася, жанчыну, калі ўбачыла лісток, што на краме вецер шкумутаў, узяў непрыхаваны жаль. Страту незнаёмым чалавекам блудлівых авечак успрыняла, як сваю. Вось і пайшла пытаць па вёсках. А на сяле ж гэтак: свежыя навіны на печы не залежваюцца. Той нешта бачыў, гэты нешта чуў… Так пакрысе след давёў да фермы, куды прыбіліся валацугі-авечкі. Праўда, і там яны не затрымаліся. Але людзі і тут падказалі: цёмнай ночкай памагатыя арандатара пагрузілі іх на воз і завезлі да яго ў двор. А той прышлых авечак у свой гурт пусціў.

— Там, мілка, цяпер яны, — усё, як на споведзі, выдала добразычлівая кабета.

Жанчыны разам дзівіліся далёкай і па адлегласці, і па часе авечай вандроўцы. Тая мясцовасць, адкуль аб’явілася жанчына, у кіламетрах дваццаці, не менш, ад Шыкаўцовых ваколіц. І пра астудныя зімовыя дні ўспаміналі, як авечкі не змерзлі, сцюжу падужалі. Лёлька не ведала, як аддзячыць незнаёмай жанчыне, што стала ў адно імгненне такой блізкай, сваёй. І ў гэтым была святая праўда.

— Чым магла — дапамагла. Зараз, кумка, сама разбірайся, — жанчына з палёгкай зняла з сябе цяжар чужых клопатаў. — За высокім плотам твае авечкі, а гаспадар абы-каго ў двор не не пускае. Сабака страшэзны сцэражэ яго багацце.

У той жа дзень усё і парашылася. Арандатар, да яго гонару, не стаў упірацца. Мусіць, не адважыўся пярэчыць разляцелай па наваколлі авечынай славе. І вароты адчыніў, і сабаку навязаў.

Нагасцяваныя авечкі, як ні ў чым не бывала, паехалі дадому. Толькі чорненькага баранчыка з імі не было. Двое ягнятак, відаць, туліліся да маці, таму і выжылі, сагрэтыя яе цяплом. А дурненькі баранчык, пэўна, адстаў ад сваёй матулькі і згінуў. Вось чаму такі глыбокі сум, думала яна, і не сыходзіў з вачэй авечкі, што стаяла ва ўтульным Шыкаўцовым хляве, як не свая.

…Быў канец студзеня, калі незвычайны экіпаж павольна рухаўся па чорнай стужцы чыстай ад снегу дарогі. Хаця зіма яшчэ была ў самым разгары, але сілы святла непазбежна бралі сваё. У Лёльчынай галаве прасвятлела, цяжкіх думак як і не было.

Жанчына з перапоўненай душу радасцю, якая выплёсквалася лагоднай на вуснах усмешкай, назірала за кучаравымі аблачынкамі, што плылі ў нябеснай сінечы, — вельмі ўжо яны нагадвалі яе авечачак. А за імі наўздагон бег той самы неразумны баранчык.

— Даганяй! Ад сваіх адрывацца нельга! — у думках падганяла яго Лёлька…

«Полымя»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.