Акрыленыя чытаннем

Пад такой назвай 27 красавіка ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы адбылося свята кнігі. Гэта пяты па ліку форум, які арганізаваны раённай установай культуры і прысвечаны да 800-годдзя Нясвіжа.

У мерапрыемстве традыцыйна прынялі ўдзел беларускія пісьменнікі. Ад Мінскага абласнога аддзялення перад вучнямі нясвіжскіх школ і аматарамі кніг выступілі старшыня аддзялення Леанід Крыванос, дзіцячая пісьменніца і паэтэса Таццяна Дашкевіч, супрацоўнік аддзялення, паэт Рагнед Малахоўскі.

Творчая сустрэча з Т. Дашкевіч прайшла пад назвай “Пасябруй з добрай кнігай”, Л. Крыванос сваім слухачам – вучням 2-х класаў сярэдняй школы №1 чытаў вершы-загадкі, расказваў, чаму кніга – масток у свет дзівосаў, Р. Малахоўскі чытаў падлеткам свае вершы, у якіх адлюстравана тэма сувязі мінулага з сучаснасцю. Пісьменнікі з задавальненнем адказвалі на шматлікія пытанні моладзі пра ўласную творчасць, літаратурны працэс, цікавіліся, як стаць пісьменнікам. Адначасова па вясковых школах раёна ездзіў з выступленнямі дзіцячы пісьменнік з Баранавіч Валерый Квілорыя. У сваю чаргу мясцовыя аматары музыкі і літаратуры прадставілі гасцям тэатральна-музычную імпрэзу “Журавы” па творах Пімена Панчанкі.

Пасля завяршэння афіцыйных мерапрыемстваў супрацоўнікі бібліятэкі арганізавалі пісьменнікам экскурсію па старажытных месцах горада, у Нясвіжскі палаца-паркавы комплекс.

 

Прэс-служба МАА СПБ